Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАФСАЮЗЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ДЭПАРТАЦЫІ АМЭРЫКАНСКАГА ПРАФСАЮЗНАГА ДЗЕЯЧА


Міхал Стэльмак, Менск

Свабодны прафсаюз лічыць дэпартацыю Робэрта Фільдынга неабгрунтаванай. Як паведаміў сёньня журналістам лідэр СПБ Генадзь Быкаў, яны запрасілі ў Беларусь прадстаўніка цэнтру амэрыканскіх прафсаюзаў "Салідарнасьць" яшчэ 25 траўня.

(Быкаў: ) "Спадар Фільдынг быў тут з мэтай кансультацыі Свабоднага прафсаюзу. Так напісана ў запрашэньні, якое ёсьць у мяне. І сярод гэтых кансультацыяў былі й кансультацыі па выбарчым праве. СПБ праводзіць зараз мабілізацыйную кампанію. Мэта гэтай кампаніі — каб як мага больш людзей прыйшло на выбары. А па-другое, каб яны зрабілі сьвядомы выбар".

(Карэспандэнт: ) "Як даўно вы ведаеце спадара Фільдынга? Ці адпавядае статут амэрыканскіх прафсаюзаў АФТ-КПП той дзейнасьці, якую яны праводзілі ў Беларусі?"

(Быкаў: ) "Спадара Фільдынга я ведаю даўно, дзесьці каля 10 гадоў. Ён доўга працаваў у "Салідарнасьці" ў Польшчы, і мне ён пэрсанальна вялікую дапамогу аказваў, калі я быў яшчэ маладым, недасьведчаным прафсаюзьнікам. Што тычыцца АФТ-КПП, то гэтае аб'яднаньне аказвае дапамогу незалежным прафсаюзам ва ўсім сьвеце. І яно ня ўлазіць у нашы ўнутраныя справы".

(Карэспандэнт: ) "Вас не зьдзіўляе той факт, што за Аляксандра Лукашэнку ў Беларусі могуць агітаваць іншаземцы, а за яго апанэнтаў — не?"

(Быкаў: ) "Рэч у тым, што Фільдынг ні за кога ня агітаваў. Гэта паклёп і хлусьня з боку беларускага КГБ. А што тычыцца іншых, ды я сам бачыў, напрыклад, у праграме Беларускага тэлебачаньня выступ вядомага Жырыноўскага. Ён назваў тых, хто ня будзе галасаваць за Лукашэнку, прыдуркамі і "дебилами". І за гэта ніхто адсюль яго ня дэпартаваў".

Паводле словаў Генадзя Быкава, дэпартацыя Робэрта Фільдынга вынікае з антыпрафсаюзнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Да таго ж, на думку прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, улады гэтым крокам мелі на мэце дыскрэдытаваць міжнароднае супрацоўніцтва беларускіх прафсаюзаў. І калі Аляксандар Лукашэнка застанецца пры ўладзе пасьля 9 верасьня, такое супрацоўніцтва, як прагназуюць прафсаюзы, будзе абмежаванае.

XS
SM
MD
LG