Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ’ЯДНАНЫ ШТАБ ГАНЧАРЫКА Ў ГОРАДНІ МАРУДЗІЦЬ З ПАЧАТКАМ ПРАЦЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Праца на некаторы час была практычна паралізаваная. Гэта адбылося пасьля прыезду са сталіцы Сяргея Ложкіна. У штабе адзінага кандыдата ён курыруе Гарадзенскую вобласьць. Ён прапанаваў стварыць зусім новыя структуры, хаця па-ранейшаму існуюць тыя, якія пасьпяхова правялі збор подпісаў за Сямёна Домаша.

Некалькі асобаў у абласным штабе адмовіліся супрацоўнічаць са спадаром Ложкіным. Яны запатрабавалі замяніць куратара.Толькі цяпер, у канцы тыдня, сабраліся актывісты й вырашылі працаваць у Горадні незалежна ад людзей Уладзімера Ганчарыка. Пра гэта мне паведаміў гарадзкі каардынатар Алесь Лобан.

Падобнае рашэньне прынялі раней прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў у Мастах, Слоніме і Лідзе. Лідчукі выказалі таксама недавер абласной Радзе БНФ. Яны лічаць, што яна ня здольная весьці выбарчую агітацыю.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ціск на незалежную прэсу адчуваецца таксама і ў Горадні. Абласны пракурор Васіль Літвінаў накіраваў у гаспадарчы суд заяву аб спыненьні дзейнасьці газэты "Пагоня". Аднак зрабілі гэта зь юрыдычнымі парушэньнямі. Таму ўсе матэрыялы былі адасланыя з гаспадарчага суду назад у пракуратуру.

Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч зазначае, што закрыць газэту праз суд можна толькі пасьля двух папярэджаньняў на працягу году. "Пагоня" пакуль мае толькі адно папярэджаньне зь Дзяржкамдруку.

Учора ўвечары з мастоўскай міліцыі выпусьцілі Аляксандра Мармыша ды Ігара Шчэкарэвіча. Першы зь іх з Маладога Фронту, другі належыць да руху "Зубр". Іх пратрымалі каля трох гадзін. Хлопцы раздавалі ў цэнтры гораду спэцвыпуск газэты "Наша свабода". Аляксандру 16 гадоў, Ігару — 17.

Міліцыянты ўзялі ў іх пісьмовыя тлумачэньні. Па словах Ігара, аркушы з тлумачэньнямі яны паклалі ў тэчку з надпісам "Выбары". Міліцыянты папярэдзілі хлопцаў, што яны нікуды не паступяць, калі не адмовяцца ад сваёй дзейнасьці.


XS
SM
MD
LG