Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЯНЦІНА ПАЛЕВІКОВА СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ЖЫЦЬЦІ ГАНЧАРЫКА Й ДОМАША Ў НЕБЯСЬПЕЦЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Валянціна Палевікова сказала, што супраць Уладзімера Ганчарыка і Сямёна Домаша пачала дзейнічаць спэцыяльная група пад кіраўніцтвам супрацоўніка Рады бясьпекі Беларусі Васільчанкі. Нагадаем, што прозьвішча Васільчанкі фігуравала ў дакумэнтах пра акалічнасьці зьнікненьня вядомых у Беларусі людзей.

Паводле дакумэнтаў, Васільчанка кіраваў тымі, хто сачыў за спадарамі Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім. Валянціна Палевікова сьцьвярджае, што цяпер гэты чалавек на загад генпракурора Віктара Шэймана праводзіць падобныя мерапрыемствы ў дачыненьні да Ганчарыка, Домаша і іхных сем'яў. Больш падрабязную інфармацыю ў гэтай справе Валянціна Палевікова пакуль паведамляць адмовілася.

Акрамя тайных акцыяў супраць адзінага кандыдата, улады й адкрыта перашкаджаюць ягонай агітацыйнай кампаніі. У выніку арышту Камітэтам фінансавых расьсьледаваньняў абсталяваньня друкарняў "Мэджык" і "Знамение", амаль цалкам сарваўся выпуск агітацыйных матэрыялаў Уладзімера Ганчарыка.

Гэтыя матэрыялы друкаваліся там на афіцыйную замову Цэнтарвыбаркаму. Пакуль удалося надрукаваць толькі невялікую частку накладу партрэтаў спадара Ганчарыка. Сёньня раніцай былі сарваныя пікеты ў падтрымку Ганчарыка, бо не было інфармацыйных матэрыялаў. Гаворыць Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Сёньня я ўдзячная ўсім — грамадзкім, палітычным рухам, асобам, якія накіроўваюць свае сродкі й прапаноўваюць свае магчымасьці для таго, каб вырабіць агітацыйныя матэрыялы. Сёньня да мяне прыходзілі прадстаўнікі працоўных калектываў, якія прыносілі свае ўлёткі, і падручным спосабам яны прапануюць іх вырабляць. І гэта яны робяць".

Аднак кіраўнікі перадвыбарчага штабу ня будуць злоўжываць ахвярнасьцю людзей і будуць дамагацца, каб улады аднавілі дзейнасьць друкарняў, што выпускаюць агітацыйныя матэрыялы.

Валянціна Палевікова таксама паведаміла, што нягледзячы на перашкоды, сёньня ўвечары ў кожнай з абласьцей Беларусі пройдзе па 50 пікетаў дзеля падтрымкі Ўладзімера Ганчарыка.

Тым часам свой пратэст у Цэнтарвыбаркам сёньня накіраваў кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч. Паводле спадара Гайдукевіча, кіраўніцтва дзяржаўнага радыё загадала зрабіць мантаж ягонага эфірнага звароту да выбарцаў.

Лідэр ЛДПБ гаворыць, што калі сёньня ён пачуў свой выступ па дзяржаўным радыё, то проста не пазнаў яго. Ягоны радыйны перадвыбарчы выступ мусіў быць аналягічным нядаўняму тэлевізійнаму. Але Гайдукевіч сьцьвярджае, што ананімныя цэнзары гэтак моцна парэзалі радыёзапіс, што ўвогуле згубіўся зьмест выступу.

У сваёй сёньняшняй заяве ў Цэнтарвыбаркам кандыдат патрабуе прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у несанкцыянаваным мантажы чыноўнікаў, а таксама прадаставіць яму магчымасьць зьвярнуцца да сваіх выбарцаў у жывым эфіры. Гайдукевіч таксама патрабуе прыцягнуць да адказнасьці прадстаўнікоў БТ, якія распаўсюджваюць непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасьць ягонай каманды.


XS
SM
MD
LG