Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНЧАРЫКУ Ў МАГІЛЁВЕ СУСТРЭЦЦА З ВЫБАРШЧЫКАМІ ЎЛАДЫ ПЕРАШКОДЗІЦЬ НЯ ЗДОЛЕЛІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Сустрэча прайшла на адкрытай пляцоўцы каля Абласнога дыягнастычнага цэнтру. Спачатку сутрэчу думалі правесьці ў адным з палацаў культуры Магілёва, але ўлады гэтага не дазволілі. Менавіта тады ў горадзе зьявіліся абвесткі, у якіх кіраўнікі абласнога штабу Ўладзімера Ганчарыка запрашалі магілёўцаў прыйсьці да дыягнастычнага цэнтру. У той жа час на сьценах дамоў зьявіліся графіці "Наш прэзыдэнт — Уладзімер Ганчарык".

Напярэдадні сустрэчы сябар штабу Аляксандар Сілкоў атрымаў позву ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Магілёва. Ейны кіраўнік спадар Качанаў даў папярэджаньне пра магчымую адказнасьць у выпадку правядзеньня несанкцыянаванага мітынгу. Пракурор меў на ўвазе сустрэчу з Уладзімерам Ганчарыкам, якая прайшла без эксцэсаў.

Каля гадізны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі распавядаў пра сваю плятформу і адказваў на самыя балючыя пытаньні. Пэнсіянэраў найперш цікавіла пэнсія. Спадар Ганчарык запэўніў, што ў выпадку ягонай перамогі пэнсію будуць плаціць у час і пэнсіянэрам вернуць ільготы. Магілёўскія пэнсіянэры, якія прыйшлі на сустрэчу, былі добразычлівыя да дэмакратычнага кандыдата і выказвалі незадволенасьць палітыкай Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімер Ганчарык паабяцаў правесьці дэмакратычныя рэформы, забясьпечыць падзел уладаў, зрабіць роўнымі ўсе формы ўласнасьці, наладзіць эфэктыўныя эканамічныя сувязі з Захадам і Ўсходам.

Пасьля спадар Ганчарык правёў сустрэчу з прадстаўнікамі абласнога аб'яднаньня прафсаюзаў, на якой вельмі крытычна выказаўся пра мэтады перадвыбарчай барацьбы спадара Лукашэнкі. Паводле ягонай інфармацыі, кожны кіраўнік мясцовай выканаўчай улады, які не забясьпечыў патрэбную колькасьць галасоў у падтрымку Лукашэнкі, павінен пайсьці ў адстаўку. Ён упэўнены, што перамога дэмакратычнага кандыдата забясьпечаная ў выпадку адмены датэрміновага галасаваньня, сумленнай працы членаў выбарчых камісіяў і арганізацыі эфэктыўнага назіраньня за галасаваньнем.

Лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў не заклікаў сваіх членаў галасаваць за яго, а толькі папрасіў данесьці ягоную праграму да жыхароў Магілёўскай вобласьці. На прэсавай канфэрэнцыі ён даволі высока ацаніў вынікі сустрэчы.

(Ганчарык: ) "Я станоўча ацэньваю, вельмі станоўча. Тое, што яны прыйшлі, цікавяцца — значыць, ім важна ведаць пра мяне як пра адзінага кандыдата, важна ведаць пазыцыю сілаў, якія выступаюць за зьмены ў рэспубліцы. Калі людзі зацікаўленыя, то яны будуць галасаваць як трэба. У іх ёсьць ужо выбар. Галоўнае — зацікаўленасьць вялікая лёсам дзяржавы. Ёсьць пытаньні, што маюць прынцыповае значэньне, але ёсьць і асабістыя пытаньні, і людзі зьвязваюць іхнае вырашэньне з новым прэзыдэнтам, з новай палітыкай", — сказаў кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Уладзімер Ганчарык.


XS
SM
MD
LG