Найперш патрэбна распрацаваць нацыянальную праграму пасьлядоўнага і комплекснага ўвядзеньня “Стандартных правілаў забесьпячэньня роўных магчымасьцяў для інвалідаў”, прынятых 48-й сэсіяй Генэральнай Асамблеі ААН 20 сьнежня 1993 году. Павінен у краіне быць і закон “Пра дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў інвалідаў і дабрачыннай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь”. Перагляду з улікам пражытачнага мініму патрабуе цяперашні парадак налічэньня і выплаты пенсій і дапамог інвалідам і тым, хто іх даглядае.
Прапановы да кандыдатаў у прэзыдэнты прынятыя падчас правядзеньня ў Гомелі “круглага стала”, зарганізаванага на ініцыятыву “Асацыяцыі сем’яў дзяцей-інвалідаў з цэрабральным паралічам і сьпінамазгавымі паталёгіямі”.
Удзельнікі “круглага стала” адзначылі таксама, што зараз інваліды ня могуць жыць паўнавартасным жыцьцём, паколькі ні жылыя памяшканьні, ні транспарт, ні месцы агульнага карыстаньня, ні культурна-спартыўныя ды навучальныя ўстановы не даступныя для іх.