Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЯНА МАКСІ: ПРЫЧЫНА АДМОВЫ Ў ВІЗЕ – МАЕ ПОГЛЯДЫ НА СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ


Мікола Іваноў, Прага

Магчымая прычына адмовы ў візе, як яна адзначыла ў размове з намі па тэлефоне зь Вены, – яе погляды на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Вось як Даяна Максі ацэньвае перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі.

(Максі: ) “Напярэдадні выбараў сытуацыя ў справе свабоды сродкаў масавай інфармацыі (гэта тое, чым я займаюся ў АБСЭ) увесь час пагаршаецца. Яна ніколі не была вельмі добрай, але тое, што адбываецца цяпер, з нашага пункту гледжаньня цяжка зразумець: у Беларусі шмат добрых журналістаў, шмат добрых апазыцыйных газэтаў і ім цяпер яшчэ цяжэй працаваць і дзейнічаць”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка напярэдадні выбараў паводзіць сябе так, як быццам ён адкрыта хоча перашкодзіць міжнародным арганізацыям у назіраньні за выбарамі. Ці падобныя паводзіны ад пачатку выключаюць магчымасьць таго, што АБСЭ прызнае выбары справядлівымі?”

(Максі: ) “Мы павінны паглядзець, чым скончыцца гэтая сытуацыя. Беларускія ўлады, нарэшце, дазволілі невялікай колькасьці назіральнікаў уехаць у краіну. Ня ўсім далі візы. Адмовілі, магчыма, на той самай падставе, што і мне. Яны вырашылі не дазваляць некаторым людзяць быць у Беларусі, не падаючы прычынаў. Трэба ўсёж такі даць тым назіральнікам, якія цяпер у Беларусі, магчымасць выканаць іх заданьне. Яны добрыя прафэсіяналы. І яны зробяць усё магчымае. Але яны прыехалі вельмі, вельмі позна. І АБСЭ вельмі занепакоеная тым, ці будуць яны ў стане выканаць дакладна сваю працу”.

(Карэспандэнт: ) “А вось як Даяна Максі з АБСЭ ацэньвае практыку беларускіх уладаў не даваць візы міжнародным назіральнікам, прадстаўнікам міжнародных праваабарончых арганізацыяў і нават журналістам”.

(Максі: ) “Гэта беспрэцэдэнтная і вельмі цяжкая сытуацыя, і вельмі сумна, што падобная сытуацыя назіраецца ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы”.

(Карэспандэнт: ) “А ці засталася яшчэ магчымасьць пасьля ўсяго таго, што зьдзейсьніў гэты рэжым, пасьля таго, што зрабіў сам Аляксандар Лукашэнка, каб міжнародная грамадзкасьць магла прызнаць дэмакратычным і справядлівым выбар Лукашэнкі на новы тэрмін прэзыдэнцтва?”

(Максі: ) “Мы заўсёды гаварылі, што ніколі ня позна. На жаль, перасьлед і запалохваньне незалежнай прэсы працягваецца нават сёньня. І мы тут, у АБСЭ, і наш шэф Фрайман Дувэ, называем гэта структурнай цэнзурай, калі шукаюцца дробныя недакладнасьці і робяць так, каб не дазволіць газэтам друкаваць адпаведныя матэрыялы. Калі б падобная практыка затрымалася, і людзі б атрымалі пару тыдняў, каб разабрацца ў сытуацыі, каб атрымаць аб’ектыўную інфармацыю, – толькі ў гэтым выпадку маглі б быць справядлівыя выбары. Але я не хачу даваць ніякіх прагнозаў, што падобнае можа здарыцца”.


XS
SM
MD
LG