Першае, на што я зьвярнула ўвагу ў кватэры Ганчарыкаў, гэта былі кветкі — вельмі шмат прыгожых і розных кветак. "Іх падарылі Ўладзімеру Іванавічу адразу пасьля рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзыдэнты, — патлумачыла мне Лілія Ганчарык і дадала: — Потым ён аддаў іх мне і сказаў, што гэта і твае кветкі, бо й ты іх заслужыла".
Калі Ўладзімер Ганчарык паведаміў сваёй жонцы, што ён возьме ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, спадарыня Лілія спачатку нават ня ведала, што й адказаць, але ж потым цалкам падтрымала мужа.
(Лілія Ганчарык: ) "Вось і Ўладзімер Іванавіч гаворыць, што трэба камусьці... Я запытваюся: "Чаму гэта табе?.." Дзеці таксама: "Чаму ты, тата?" Ён гаворыць: "Трэба, каб хто-небудзь быў... Як гэта — усе паслухмяна, па-рабску, шагам марш, у адную шарэнгу. Ня можна ж так ужо".
Лілія і Ўладзімер Ганчарык разам ужо сорак адзін год. Калісьці абодва яны вучыліся на адным факультэце Інстытуту народнай гаспадаркі. Лілія Ганчарык узгадвае, як Уладзімер заўсёды хадзіў разам зь ёй на танцы, хоць ня вельмі любіў і ўмеў танчыць. "Баяўся, што мяне ўвядуць", — з усьмешкай распавядае цяпер пра гэта Лілія Ганчарык.
На 4-м курсе Лілія і Ўладзімер пешшу пайшлі ў ЗАГС, справілі студэнцкае вясельле, а ў падарунак атрымалі ад сяброў па інтэрнаце ключы ад асобнага пакоя. Пасьля заканчэньня інстытуту разам паехалі паводле разьмеркаваньня, багацьця было — дзьве валізкі, а ў іх кнігі. За ўсё сумеснае жыцьцё даводзілася шмат разоў пераяжджаць на новае месца.
(Лілія Ганчарык: ) "Уладзімера Іванавіча заўсёды пераводзілі. Толькі ён крыху папрацуе, яго заўважаюць — што ён пэрспэктыўны, арганізатар добры. А я, як кажуць, нітка за іголкай. На першае месца стаўлю нашу сям'ю. Мы ніколі не падводзілі адзін аднаго. І для мяне было дзіўна — як гэта я магу не паехаць..."
Лілія Ганчарык увесь час таксама працавала — бугальтаркай, эканамістам, загадчыцай упраўленьня, потым у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. І ўсё побач з мужам.
(Лілія Ганчарык: ) "Дзе б мы ні працавалі, ён ніколі не абражаў, не зьневажаў нікога з падначаленых. І за гэта яго вельмі паважалі".
Ці ўяўляе сябе Лілія Ганчарык першай ледзі Беларусі?
(Лілія Ганчарык: ) "Не, я не задумвалася пра гэта. Не настолькі гэта істотна, кім я буду. Ён пайшоў, ведаючы пра тое, што яго будуць "паласкаць", зьневажаць, але ён гэтага не заслугоўвае. І я больш за ўсё думаю пра яго, і я ўпэўненая, што ён абавязкова справіцца.
Не адчуваю я, што стану нейкай іншай. Якая была, такая і засталася. Галоўнае, каб нейкі зрух быў, каб нейкі парадак у краіне".
Мне было вельмі цікава распытаць спадарыню Лілію пра тое, які чалавек Уладзімер Ганчарык у сям'і, што ён любіць, як сябе паводзіць.
(Лілія Ганчарык: ) "Ён любіць вельмі бульбу з халадцом, бліны й яечню са шкваркамі. Другі раз скажа: "Дай я яе сам зраблю, як хачу". Добра, рабі..."
А што да чалавечых якасьцяў кандыдата на прэзыдэнта, тут Лілія Ганчарык доўга не задумвалася.
(Лілія Ганчарык: ) "Ён добры, ён ня жорсткі. Ён зь дзецьмі вельмі добра — яго любяць ня толькі свае дзеці, ён з усімі добра ладзіць.Куды прыходзім, калі ёсьць дзіця, зь першай хвіліны ён знаходзіць агульную мову зь ім".
Спадарыня Лілія ўзгадвае, што пасьля таго, як Ганчарык абвесьціў пра сваё рашэньне балятавацца на прэзыдэнта, ім дахаты адразу пачалі тэлефанаваць усе сябры й знаёмыя — падтрымлівалі, дзякавалі за гэтае рашэньне. І ня толькі знаёмыя.
(Лілія Ганчарык: ) "Вельмі шмат на вуліцы пазнаюць у твар. Бывае, калі з Уладзімерам Іванавічам разам ідзем на рынак, дык падыходзяць самыя розныя людзі, руку ціснуць: "Дайце мы вас падтрымаем".
Лілія Ганчарык цяпер вельмі непакоіцца за свайго мужа, пра свае страхі ня хоча нават і гаварыць уголас.
(Лілія Ганчарык: ) "Дзеці таксама баяцца за яго. Проста ў трывозе за яго, бо ведаем, чым заканчваліся такія спробы ў людзей. І ведаем, якія адносіны — што ў нас манаполія на ўладу аднаго чалавека, астатнія, так бы мовіць, ня вартыя".
У звычайнай трохпакаёвай кватэры Ўладзімера Ганчарыка чыста і ўтульна. спадарыня Лілія пачаставала мяне памідорамі зь сямейнага лецішча. Сёлета там неблагі ўраджай. Дарэчы, Ганчарыкі не купляюць гародніну ў крамах — усё вырошчваюць на ўласным лецішчы.
І яшчэ адна дэталь. Сёньня ўнуку Ўладзімера Ганчарыка Максіму споўнілася 18 гадоў. 9 верасьня будуць ягоныя першыя выбары, і галасаваць ён будзе за дзеда.