Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО МЕЛА НА ЎВАЗЕ МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ, ПАПЯРЭДЖВАЮЧЫ КАНДЫДАТАЎ?


Юры Дракахруст, Прага

У адпаведнасьці з пагадненьнем Уладзімер Ганчарык абяцае ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах перадаць частку сваіх паўнамоцтваў ураду, пашырыць паўнамоцтвы парлямэнту, правесьці перавыбары парляманту на аснове зьмешанай сыстэмы і шэраг іншых пераўтварэньняў.

Міністэрства юстыцыі ў сваёй заяве павучальна нагадвае, што паводле дзеючай Канстытуцыі толькі кіраўнік дзяржавы можа прызначаць рэфэрэндумы, распускаць палаты парлямэнту, вызначаць структуру ўраду. Такім чынам, мяркуе мінюст, кандыдатамі ў прэзыдэнты, якія падпісалі пагадненьне, “да выбараў ставіцца пытаньне аб зьмене дзяржаўнага ладу, адмоўнай ацэнцы парлямэнту і ў цэлым яны заклікаюць да парушэньня Асноўнага закону”.

Такім чынам міністэрская заява сьцьвярджае, што толькі прэзыдэнт можа праводзіць кардынальныя пераўтварэньні ў сыстэме ўлады. У згаданым пагадненьні сп-р Ганчарык усяго толькі паабяцаў, што ў выпадку, калі зойме прэзыдэнцкую пасаду, гэтыя паўнамоцтвы для такіх пераўтварэньняў і скарыстае. У чым тут міністэрства ўбачыла заклік менавіта да парушэньня Канстытуцыі? Ці яго чыноўнікі лічаць, што мяняць Канстытуцыю – гэта прэрыгатыва не любой асобы, якая займае пасаду прэзыдэнта, а асабіста сп-ра Лукашэнкі?

Зусім камічным выглядае папрок міністэрства кандыдатам за адмоўную ацэнку дзейнасьці парлямэнту. На адмоўную ацэнку хоць парлямэнту, хоць прэзыдэнта, хоць міністэрства юстыцыі ніякіх юрыдычных дазволаў не патрэбна.

Міністэрства юстыцыі прыйшло да высновы, што пункты пагадненьня пра рэфармаваньне палітычнай сыстэмы “юрыдычна нікчэмныя”. У практычным пляне гэта азначае, што калі сп-р Ганчарык, стаўшы прэзыдэнтам, адмовіцца праводзіць пагадненьне ў жыцьцё, то, прыкладам, сп-р Домаш ня зможа пацягнуць новага прэзыдэнта ў суд і праз суд прымусіць яго выконваць пункты пагадненьня. Гэта сапраўды так, але непакоіць гэта можа сп-ра Домаша і іншых асобаў, што падпісалі пагадненьне. Аднак непакоіць гэта чамусьці лукашэнкаўскі мінюст.

Як казаў у свой час Леанід Брэжнеў Аркадзю Райкіну: “Аркаша, лёгікі не шукай”.

Аднак лёгіка ў заяве мінюста ўсё ж ёсьць, і лёгіка даволі злавесная, лёгіка ўтрыманьня пры ўладзе любым коштам. Варта заўважыць, што міністэрства абвінавачвае ў закліках да парушэньня канстытуцыі менавіта кандыдатаў у прэзыдэнты. Калі такія заклікі ў пагадненьні і ўтрымліваюцца, то ў іх вінаватыя ўсе асобы, а іх некалькі дзесяткаў, што падпісалі гэты дакумэнт. Але іншыя зараз міністэрства не цікавяць. Мэта – падвесіць кандыдатаў на кручок, закласьці магчымасьць ануляваньня іх рэгістрацыі на падставе ўяўных, існуючых толькі ва ўяўленьні мінюста заклікаў да парушэньня Канстытуцыі.


XS
SM
MD
LG