Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ КАНФІСКАВАНЫЯ 400 ТЫСЯЧ АСОБНІКАЎ СПЭЦВЫПУСКУ “НАШАЙ СВАБОДЫ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Канфіскацыя адмысловага накладу газэты "Наша свабода" пачалася пасьля 10-й гадзіны раніцы і нагадвала эпізод баявіка. Узброеныя міліцыянты з аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі ўрываліся ў друкарню як на базу тэрарыстаў, за імі ішлі супрацоўнікі аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў, якія накладвалі арышт на стосы газэтаў.

Разам канфіскавалі 400 тысяч асобнікаў газэты — гэта дастаткова вялікі наклад, для вывазу якога трэба некалькі аўтамабіляў. З транспартам, між тым, праблемаў ня ўзьнікла — ужо апоўдні наклад "Нашай свабоды" вывезьлі з тэрыторыі друкарні ў невядомым напрамку. Галоўны рэдактар газэты Павал Жук суцяшае сябе й прыхільнікаў газэты тым, што засталося яшчэ 100 тысяч асобнікаў выпуску, якія пасьпелі вывезьці да зьяўленьня міліцыянтаў.

Гэтую акцыю супраць газэты Павал Жук цалкам зьвязвае з выбарчай кампаніяй. Жук не выключае, што ахвярай гэтай барацьбы можа стаць ня толькі адмысловы выпуск, але і ўся газэта "Наша свабода".

(Жук: ) "Гэты нумар прысьвечаны цалкам перадвыбарчай кампаніі, прысьвечаны Ганчарыку. Я думаю, што гэтая канфіскацыя — спроба Лукашэнкі суцішыць перадвыбарчую кампанію. Такіх адмысловых выпускаў было больш за 15, але гэта першы, які быў канфіскаваны. Яны матывуюць гэта тым, што друкарня "Мэджык" не падрыхтавала належным чынам пэўныя фінансавыя дакумэнты.

На самой справе ўсё ў парадку, а калі й ёсьць якія недакладнасьці, іх можна выправіць у рабочым парадку. Але тут загад далі канкрэтны — каб газэта не выходзіла да выбараў", — паведаміў Павал Жук.

Ён патлумачыў, чаму ў выходных зьвестках выпуску пазначаны наклад 100 тысяч, калі на справе надрукавалі паўмільёна асобнікаў. "Гэта памылка карэктара, ва ўсіх бугальтарскіх дакумэнтах усё ў адпаведнасьці з тыражом 500 тысяч", — заявіў галоўны рэдактар "Нашай свабоды".

Пры журналістах ён запатрабаваў ад супрацоўніка аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў Мікалая Суслава паведаміць, куды адвезьлі 400 тысяч асобнікаў. Жук кваліфікаваў гэтыя дзеяньні як звычайны крадзеж. Падпалкоўнік Суслаў, аднак, адказваць на пытаньне рэдактара газэты адмовіўся.

(Суслаў: ) "Я не ўпаўнаважаны даваць нейкія тлумачэньні. У тым ліку гэта тычыцца і журналістаў. Зьвярніцеся, калі ласка, да прэсавага аташэ", — заявіў супрацоўнік аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў Першамайскага раёну.

Між тым, на мой званок у гэтую ўстанову адказалі, што з прэсай размаўляць ня будуць.

Дырэктар друкарні "Мэджык" Юры Будзько патлумачыў Радыё Свабода, што паводле канфіскацыі накладу "Нашай свабоды" складзены акт, зь якім асабіста ён ня згодны, і гэта ён пазначыў, падпісваючы паперу. Нейкім чынам камэнтаваць сытуацыю Юры Будзько адмовіўся. Ён заявіў толькі, што канфіскацыя адмысловага выпуску "Нашай свабоды" не павінна адбіцца на выкананьні абавязкаў друкарні перад іншымі кліентамі. Зазначу, што сярод найбуйнейшых кліентаў друкарні" Мэджык" — газэта "Народная воля".


XS
SM
MD
LG