Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМПАНІЯ Ў ПАДТРЫМКУ ГАНЧАРЫКА БУДЗЕ ДЛЯ ПРАФСАЮЗАЎ СКЛАДАНАЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Старшыня Фэдэрацыі зьвярнуўся да лідэраў галіновых прафсаюзаў з просьбай падтрымаць палітычны выбар шырокай грамадзянскай кааліцыі. Гэты выбар, паводле словаў Уладзімера Ганчарыка, зьвязаны з настроямі вялікай часткі беларускага грамадзтва, у тым ліку шараговых сяброў прафсаюзаў. І прафсаюзныя лідэры, на думку кандыдата, павінны падтрымаць гэтае імкненьне людзей. Асабліва цяпер, на этапе агітацыйнай кампаніі.

Пераважная большасьць кіраўнікоў галіновых прафсаюзаў, як засьведчыла сёньняшняя нарада, усьведамляюць значнасьць гэтай задачы. Вось меркаваньне на гэты конт старшыні галіновага прафсаюзу авіяработнікаў Яўгена Бурака:

(Бурак: ) "Я лічу, што карпаратыўны прафсаюзны дух павінен мацнець. Мы зараз напярэдадні надзвычай важных падзеяў. Што тычыцца нас, авіятараў, то мы такі дух заўжды мелі , падтрымлівалі яго. Дык чаму ж нам, прафэсійным аб'яднаньням, не падтрымаць свайго лідэра?! Безумоўна, нам на месцах варта казаць, што, калі ён будзе выбраны, прафсаюзы ня згубяць, а толькі прыдбаюць. Гэтыя выбары павінны "адшліфаваць" нашыя прафсаюзы. Паводле маіх зьвестак па авіяцыі, зараз людзі думаюць, каго абраць, і абяруць таго, хто здольны дапамагчы авіяцыі".

Як прагучала на нарадзе, агітацыйная кампанія ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка будзе для прафсаюзаў складанай. Улады ў многіх рэгіёнах краіны папярэдзілі прафсаюзных кіраўнікоў пра наступствы, якія чакаюць агітатараў за адзінага кандыдата. Пра гэта, у прыватнасьці, гаварыў сёньня на нарадзе намесьнік старшыні галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Анатоль Дарагакупец:

(Дарагакупец: ) "Атрымалі інфармацыю такога зьместу. Учора ў выканкамах былі сабраныя кіраўнікі прадпрыемстваў, якім сказалі, што ў сьвятле выбарчай кампаніі на прадпрыемствах не павінны зьбірацца людзі. У гэтых умовах прафсаюзныя кіраўнікі павінны шукаць іншых варыянтаў, каб шараговыя людзі мелі магчымасьць сустрэцца з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Для гэтага можна скарыстаць кінатэатры, пляцоўкі, якія прызначаныя для такіх мэтаў".

Камэнтуючы нашаму радыё вынікі сёньняшняй нарады зь лідэрамі галіновых прафсаюзаў, Уладзімер Ганчарык зазначыў:

(Ганчарык: ) "Прафсаюзы аб'ядноўваюць сяброў розных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. Яны будуць браць удзел у агітацыйнай працы".
XS
SM
MD
LG