Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПІНСКУ ЗАГАДАНА ПРАВЕСЬЦІ ВЫБАРЫ ДА 8 ВЕРАСЬНЯ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Пасьля абмеркаваньня гаспадарчых праблемаў старшыня Пінскага гарвыканкаму Васіль Шуст папрасіў прысутных журналістаў пакінуць памяшканьне. “А мы папрацуем яшчэ,” – сказаў кіраўнік мясцовай вэртыкалі.

Як нам стала вядома, пасьля зыходу журналістаў старшыня гарвыканкаму ў прысутнасьці старшыні гарадзкой выбарчай камісіі Лявоньція Лемяшэўскага загадаў кіраўнікам прадпрыемстваў забясьпечыць 100%-ную падтрымку Лукашэнкі ў часе выбараў. Кіраўнікі прадпрыемстваў таксама мусяць зрабіць так, каб іхныя падначаленыя прагаласавалі датэрмінова. Увечары 8 верасьня кожны дырэктар абавязаны асабіста здаць справаздачу ў выканкам пра выкананьне пастаўленых задачаў. У адваротным выпадку – звальненьне.

Дарэчы, выпадак звальненьня кіраўніка прадпрыемства з палітычных матываў у Пінску ўжо ёсьць. Паводле некаторых зьвестак, дырэктар прадпрыемства “Кавальліцмаш” Уладзімер Носаў быў напярэдадні звольнены з гэтай пасады менавіта за тое, што на ягоным заводзе сабралі вельмі мала подпісаў за Лукашэнку.
XS
SM
MD
LG