Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДУМКУ МЗС БЕЛАРУСІ 4 КРЫТЭРЫ АБСЭ ШТО ДА СВАБОДНЫХ І СПРАВЯДЛІВЫХ ВЫБАРАЎ "СТРАЦІЛІ СВАЮ АКТУАЛЬНАСЬЦЬ"


Юры Сьвірко, Менск

На другі дзень пасьля запозьненага запрашэньня Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ўзяць удзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі беларускае Міністэрства замежных справаў зрабіла адмысловую заяву, у якой сьцьвярджае, што ўрад Беларусі зрабіў гэта "кіруючыся памкненьнем правесьці будучыя прэзыдэнцкія выбары дэмакратычна, сумленна й празрыста".

У сёньняшняй заяве беларускага МЗС, якую агучыў на брыфінгу прэсавы сакратар гэтага ведамства Павал Латушка, таксама зазначаецца, што ўрад Беларусі "асуджае заявы Дзярждэпартамэнту ЗША й шэрагу эўрапейскіх інстытутаў што да зацікаўленасьці беларускіх уладаў у фальсыфікацыі вынікаў выбараў".

Нагадаю, што заяву амэрыканскага Дзярждэпартамэнту прынялі яшчэ да таго, як было дасланае запрашэньне БДІПЧ, і заява была выкліканая менавіта затрымкай з гэтым запрашэньнем. Таксама ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Рычарда Баўчара адзначалася, што ўрад Беларусі дагэтуль ня здолеў выканаць 4 вядомыя крытэры свабодных і справядлівых выбараў, і выказвалася патрабаваньне вярнуць беларускім няўрадавым арганізацыям сканфіскаванае амэрыканскае кампутарнае абсталяваньне.

Я папрасіў спадара Латушку пракамэнтаваць і гэтую частку заявы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

(Латушка: ) "Я хацеў бы сказаць, што мы выконваем усе чатыры ўмовы, пра якія гаворыцца ў заяве Дзярждэпу ЗША. Мы можам прасіць толькі прадстаўніка Дзярждэпу пацікавіцца гэтымі чатырма ўмовамі, якія, на наш погляд, страцілі сваю актуальнасьць — у сувязі з рознымі падыходамі эўрапейскіх інстытутаў да саміх згаданых умоваў", — сказаў Павал Латушка, прэсавы сакратар МЗС.

У сёньняшняй заяве таксама робіцца акцэнт "на той факт, што ў парушэньне дзейных дакумэнтаў БДІПЧ АБСЭ ў 2000 годзе адмовілася ад удзелу ў паўнамаштабным назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі".

Беларускі ўрад лічыць, што гэтае бюро АБСЭ зрабіла "сумнеўнае заключэньне пра непрызнаньне вынікаў выбараў". "Такі падыход ацэньваецца беларускім бокам як палітычна матываваны й дэманструе, што БДІПЧ АБСЭ не свабоднае ў прыняцьці ўласных рашэньняў", — гаворыцца ў заяве МЗС, якая называе леташнее стаўленьне Бюро да выбараў у гэтак званы Нацыянальны сход "небясьпечным прэцэдэнтам".

(Латушка: ) "У гэтых умовах урад Рэспублікі Беларусь выказвае сумненьне ў аб'ектыўнасьці пазыцыі БДІПЧ АБСЭ ў ходзе цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў. Тым ня менш беларускі бок пацьвярджае сваю адкрытасьць і гатоўнасьць да супрацоўніцтва й лічыць, што аніякія палітычныя матывы ня могуць і не павінны прымусіць БДІПЧ АБСЭ дзейнічаць насуперак прынцыпам і нормам АБСЭ".

Я задаў прэсаваму сакратару МЗС Паўлу Латушку пытаньне: "Ці можна зрабіць выснову, што афіцыйны Менск лічыць неаб'ектыўнымі таксама й назіральнікаў ад Расеі, якія будуць разам з БДІПЧ АБСЭ ладзіць супольнае назіраньне за беларускімі выбарамі?"

(Латушка: ) "Я ня бачу такой высновы з нашага боку, каб яна была зробленая нават і ў гэтай заяве, якую я зачытаў".

Між тым, назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ дагэтуль чакаюць беларускіх візаў.

"Візы будуць выдадзеныя своечасова, пры гэтым будуць выкананыя ўсе неабходныя працэдуры, — адказаў спадар Латушка й дадаў: — Аніякіх тэхнічных перашкодаў урад Беларусі рабіць не зьбіраецца".
XS
SM
MD
LG