Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ МАРЫНІЧ ЗАЯВІЎ, ШТО ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ХУТКА ДАВЕДАЕЦЦА ПРА ЭКАНАМІЧНЫЯ ЗЛАЧЫНСТВЫ ЎЛАДЫ


Ягор Маёрчык, Менск

Роўна два месяцы таму Міхаіл Марыніч нечакана заявіў, што будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта Беларусі. А сёньня напачатку паседжаньня прэсавага клюбу Беларускай асацыяцыі журналістаў ён прызнаўся:

(Марыніч: ) "Я ня буду крывіць душой і скажу вам шчыра: я не зьбіраўся ісьці ў прэзыдэнты. Але я зьбіраўся зрабіць так, каб з асяродку вэртыкальшчыкаў зьявіўся кандыдат на прэзыдэнта, каб такім чынам паказаць, што ня ўся вэртыкаль падтрымлівае Лукашэнку. На жаль, мне давялося ісьці самому. Я не магу раскрываць падрабязнасьці маёй перадвыбарчай кампаніі, але хачу сказаць, што вылучэньне кандыдата ад вэртыкальшчыкаў адбылося".

Міхаіл Марыніч заявіў, што дзьве траціны прадстаўнікоў выканаўчай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, а таксама буйны бізнэс не падтрымаюць 9 верасьня кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Марыніч таксама чарговы раз адкінуў абвінавачаньні ў тым, што ён нібыта арганізаваў разам з Уладзімерам Ярмошыным і Міхаілам Мясьніковічам змову супраць Лукашэнкі. Паводле словаў спадара Марыніча, ён ня вёў з гэтымі чыноўнікамі ніякіх перамоваў, але ведае, што і Ярмошын, і Мясьніковіч ухваляюць ягоныя апошнія дзеяньні.

Міхаіл Марыніч выказаў сваю думку адносна шанцаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Ганчарыка:

(Марыніч: ) "Я ацэньваю сёньняшнюю сытуацыю, як кажуць, пяцьдзясят на пяцьдзясят зь невялікай перавагай адзінага кандыдата. Але я разумею, як нам будзе нялёгка ня даць сфальсыфікаваць выбары. Уладзе не патрэбныя празрыстыя выбары. Для іх гэта катастрафічна.

Калі выбары будуць сфальсыфікаваныя, вынікі іхныя прызнаюць несапраўднымі. Хопіць, што ў нас парлямэнт нелегітымны. А калі стане яшчэ і прэзыдэнт, я думаю, што эўрапейская супольнасьць не захоча мірыцца з такім становішчам. І будзе ўведзенае эмбарга супраць Беларусі".

Як вынік, паводле словаў спадара Марыніча, рэзка пагоршыцца эканамічная сытуацыя, і людзі выйдуць на вуліцы з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.

Паводле словаў Міхаіла Марыніча, ягоныя перамовы з афіцыйнымі асобамі ў Маскве сьведчаць, што Расея хоча бачыць на пасадзе прэзыдэнта Беларусі не Аляксандра Лукашэнку.

XS
SM
MD
LG