Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОМАШ І ГАНЧАРЫК ПАДПІСАЛІ ПАГАДНЕНЬНЕ ПАСЬЛЯ ВЕЛЬМІ ЦЯЖКІХ ПЕРАМОВАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На сёньня ў Менску было заплянаванае ўрачыстае падпісаньне адмысловага пагадненьня паміж Сямёнам Домашам, Уладзімерам Ганчарыкам і лідэрамі апазыцыйных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў у справе пабудовы будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. Яшчэ ў суботу гэты дакумэнт быў парафіраваны як самімі спадарамі Домашам і Ганчарыкам, так і лідэрамі шэрагу апазыцыйных партыяў.

Аднак сёньня перад удзельнікамі гэтай акцыі паўсталі сур'ёзныя праблемы. Раніцай адбылося паседжаньне, у якім удзельнічалі спадары Чыгір, Казлоўскі, Калякін, Марыніч, Ярашук, Ганчарык і Домаш. Сябры г.зв. сямёркі запатрабавалі ад Сямёна Домаша, каб той адмовіўся ад падпісаньня пагадненьня і зьняў сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка без усялякіх дадатковых патрабаваньняў.

Гэтыя перамовы зь перапынкамі цягнуліся да паловы пятай вечара. (Самі спадары Домаш і Ганчарык назвалі гэтыя перамовы кансультацыямі, вельмі неабходнымі ў справе падпісаньня такога важнага дакумэнту). Сябрам сямёркі, асабліва лідэру ПКБ Сяргею Калякіну вельмі не спадбалася, што Сямён Домаш прэтэндуе на пасаду будучага прэм'ера.

Аднак у выніку палітыкі былі вымушаныя пагадзіцца з патрабаваньнямі Сямёна Домаша і лідэраў шэрагу апазыцыйных партыяў і падпісаць раней парафіраваны праект пагадненьня. Тэкст гэтага пагадненьня ва ўрачыстай абстаноўцы ў залі Дому вэтэранаў сёньня зачытала заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Шаноўнае спадарства, зь вялікімі цяжкасьцямі, але мы ўсё ж падышлі да гэтай вельмі ўрачыстай хвіліны. Хто ведае, пройдзе час, і нашчадкі магчыма назавуць гэты дзень адным з вызначальных у гісторыі нашай Беларусі..."

Паводле тэксту пагадненьня, Сямён Домаш абавязваецца зьняць сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка пасьля таго, як Цэнтарвыбаркам зарэгіструе іх кандыдатамі. У выпадку ж нерэгістрацыі ўладамі адзінага кандыдата прэтэндэнты абавязуюцца арганізаваць масавыя акцыі пратэсту.

Пасьля падпісаньня пагадненьня Сямён Домаш займае пасаду кіраўніка палітычнай рады пры штабе адзінага кандыдата, а ў выпадку перамогі Ўладзімера Ганчарыка становіцца прэм'ерам з шырокімі паўнамоцтвамі. Уладзімер Ганчарык таксама абавязуецца ў выпадку перамогі вярнуць у Беларусі дэмакратычную ўладу, свабоду слова, правесьці рынкавыя рэформы, а таксама дэмакратычныя выбары ў новы парлямэнт. Ён таксама абавязваецца ўсяляк спрыяць разьвіцьцю беларускай мовы, нацыянальнай культуры, вярнуць належны статус нацыянальнай сымболіцы.

Гэты дакумэнт акрамя Домаша й Ганчарыка падпісалі лідэры шэрагу палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў. Праўда, прадстаўнікі кампартыі падпісалі ўсё пагадненьне за выняткам таго пункту, дзе гаворыцца пра магчымае прэм'ерства Домаша. Пасьля спадары Домаш і Ганчарык падпісалі падобнае пагадненьне з моладзевымі арганізацыямі. Абодва прэтэндэнты выглядалі задаволенымі сёньняшняй падзеяй. Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Мы ўсе толькі разам можам пабудаваць гэтую дэмакратычную Беларусь. Мой лёзунг перадвыбарчай кампаніі быў "Дом наш Беларусь". Я сёньня вельмі хацеў бы, калі ўсё будзе добра і адзіным кандыдатам будзе Ўладзімер Ганчарык, каб ён прыняў гэты лёзунг сабе.

Нічога страшнага не адбылося, няважна, хто адзіны кандыдат — Домаш ці Ганчарык, галоўнае, што ён ёсьць. І галоўнае, што ў нас сёньня ёсьць чалавек, ёсьць кандыдат, вакол якога мы павінны аб'яднацца, прывесьці яго да перамогі".

А вось што сказаў Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Паважаныя сябры, вы ведаеце, што мы сёньня зрабілі? Мы зрабілі з вамі крок, наступны крок да перамогі, да пабудовы новай, дэмакратычнай Беларусі. Я дзякую вам усім за тое, што вы з намі, я дзякую за мужны ўчынак, які дастойны ня толькі палітыка — як мужчыны — Сямёна Мікалаевіча Домаша. Дзякуй".

Пасьля цырымоніі падпісаньня пагадненьня Сямён Домаш і Ўладзімер Ганчарык паведамілі, што ўжо ад сёньня пачынаюць працаваць адзінай камандай на агульную перамогу.


XS
SM
MD
LG