Міхаіл Чыгір падпісаў пагадненьне разам зь іншымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта і лідэрамі апазыцыйных партыяў. Ён лічыць, што яму асабіста знойдзецца месца і праца ў аб'яднаным выбарчым штабе адзінага кандыдата:
(Чыгір: ) "Я думаю, што гэта вельмі паўплывае на сытуацыю, і шанец сёньняшнім днём значна ўзрос".
(Карэспандэнт: ) "А чаму была такая доўгая спрэчка?"
(Чыгір: ) "Ёсьць розныя погляды, і мы хацелі, каб ні адна палітычная сіла, якая магла б выступіць супраць Лукашэнкі, не адышла ад гэтай працы. Таму былі спрэчкі, былі падыходы, было абмеркаваньне, але я лічу, што прынялі ідэальны варыянт".
Станіслаў Шушкевіч упэўнены, што ёсьць шанец перамогі адзінага кандыдата:
(Шушкевіч: ) "У гэтым шырокім аб'яднаньні сумленныя людзі. І перш за ўсе працуе сумленнасьць, чаго няма ні ў якім іншым лягеры. І сёньня фактычна перемагла сумленнасьць, таму што ёсьць розныя палітычныя погляды, рознае разуменьне, але калі ўсё ўзважылі, заключылі такое прыстойнае пагадненьне, у якім фактычна няма ніякіх хліпкіх пунктаў. Яго нельга трактаваць нейкім двайным чынам, а гэта вельмі важна".
(Карэспандэнт: ) "Улада будзе чыніць перашкоды адзінаму кандыдату?"
(Шушкевіч: ) "Зразумела, зразумела, пра што й ідзе гаворка. Я прадбачу многа захадаў улады, практычна гэтыя зьдзекі ідуць увесь час, таму што на кон пастаўленая гэта ўлада. Яна антынародная, і яна ня можа ладзіць з народам. А тыя, каго вылучае аб'яднаная кааліцыя, яны перш за ўсё за Беларусь, за народ, а не за лёзунгі".
Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што ціску ўлады можна проціпаставіць найперш адзінства ейных апанэнтаў. Аляксандар Лукашэнка на апошняй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ягоныя апанэнты ня змогуць дамовіцца й кіраваць краінай, бо "аб'ядноўваюцца вуж і вожык". Гэта зусім ня так, — лічыць Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) "Я думаю, ёсьць прэцэдэнт, калі ўпершыню (як мінімум на постсавецкай прасторы) людзі з рознымі ідэалягічнымі поглядамі, плятформамі змаглі аб'яднацца, пераступіць праз свае амбіцыі. Я думаю, што такога яшчэ не было — прынамсі, у гісторыі новых незалежных краінаў. Тут як раз ёсьць адзінства, і гэта падмацоўвае тэкст пагадненьня.
Вось бяз тэксту мы маглі б размаўляць — вожык там, гадзюка, можна іх аб'яднаць ці не. Але сам тэкст пагадненьня — там прапісаная працэдура, там дадзены дакладны адказ на ўсе пытаньні. І вакол пагадненьня мы аб'ядноўваемся, а не вакол асобаў".
(Карэспандэнт: ) "Ці лічыце вы, што ўдалося дасягнуць пэўнага кампрамісу паміж такімі часткамі грамадзтва як дэмакраты і намэнклятура?"
(Лябедзька: ) "Так. Насамрэч мы на сёньняшні дзень стварылі такі саюз. У ім не бярэ ўдзелу на сёньняшні дзень уся намэнклятура, але тым ня менш вось гэтыя дзьве складовыя часткі змаглі знайсьці балянс сваіх інтарэсаў — гэта другі фактар акрамя таго прэцэдэнту, які мы сёньня стварылі.
Мы стварылі яшчэ й прэцэдэнт мажлівасьці аб'яднаньня такіх, здавалася б, розных частак як дэмакраты й намэнклятура. У кожнага з нас ёсьць свае інтарэсы, але на гэтым этапе, на этапе выбараў, і, я думаю, на нейкі год пасьля выбараў, я думаю, у нас ёсьць абсалютнае паразуменьне. Таму што мы стварылі празрыстыя правілы, па якіх мы будзем дзейнічаць. І яны, і мы".
Анатоль Лябедзька настойвае, што трэба разьлічваць на перамогу ў першым туры выбараў.
Адзін зь лідэраў БНФ Юры Хадыка мяркуе, што моладзі й нацыянальна арыентаванай частцы грамадзтва ня трэба засмучацца, што адзіным кандыдатам стаў 60-гадовы чалавек, былы партыйны функцыянэр:
(Хадыка: ) "Ня трэба глядзець сабе на пупок, як гэта робяць будысцкія манахі. Трэба глядзець навокал і вучыцца ў нашых суседзяў. А што мы бачым — што ў Польшчы, што ў Літве? Пасьля хвалі, якія выносілі абсалютна новых лідэраў, прыходзілі камуністы — людзі, спрактыкаваныя ў дзяржаўных справах. Калі гэтыя камуністы (як Бразаўскас, як Квасьнеўскі) зразумелі, што час зусім іншы, не для камуністычных догмаў, а для нацыянальнага разьвіцьця, да кроку ў бок грамадзкага міру, дэмакратыі, то ні літоўскія дэмакраты, ні польскія дэмакраты не згубілі ў выніку нічога. Наадварот, вы ведаеце, што пры Квасьнеўскім там вельмі правы ўрад".
(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, Ганчарык — гэта наш Квасьнеўскі, а Домаш — гэта наш Бальцэровіч?"
(Хадыка: ) "Я бы сказаў, што бліжэй да Бузэка. Таму што Бузэк больш такі абачлівы, але ж на пасадзе адміністратара бяз гэтага немагчыма".
Юры Хадыка мяркуе, што шлях пераўтварэньняў, якія чакаюць спадароў Ганчарыка і Домаша ў выпадку перамогі складаны, і яму можа паспрыяць грамадзянскае адзінства, якога дасягнулі сёньня.