Пасьля апошняга артыкулу "Размова з бацькам пра час і пра прэзыдэнцтва", у якім разумны бацька пераконвае свайго дэмакратычных поглядаў сына, што лепшага за Лукашэнку прэзыдэнта быць ня можа, афіцыйныя раёнкі пачалі перадрукоўваць матэрыял "Выкрадальнікі Завадзкага чакаюць суда". Гэты артыкул прысьвечаны тэме зьніклых палітыкаў, да якіх цяперашняя ўлада нібыта ня мае ніякага дачыненьня.
У артыкуле, што нядаўна перадрукавалі з "Советской Белоруссии" янаўская "Чырвоная звязда" і лунінецкія "Навіны", аўтарка Ганна Шэлестава піша пра Юр'я Захаранку наступнае: "Былы міністар быў гучна звольнены з працы, а да гэтага схіляў прэзыдэнта да процізаконных дзеяньняў ды наствараў мноства спэцпадразьдзяленьняў, якія быццам бы займаліся зьнішчэньнем "злодзеяў у законе". Паводле аўтаркі, некаторыя аналітыкі зьвязваюць зьнікненьне Захаранкі з помстай крымінальнікаў, а забойства Завадзкага — вядомыя, і хутка іх асудзяць.
Некаторыя газэты друкуюць тэматычныя апытаньні мясцовых жыхароў, дзе рэспандэнты хваляць Лукашэнку ды вэртыкаль, наракаюць на брудныя палітычныя тэхналёгіі апазыцыі.
Амаль усе раёнкі друкуюць шматлікія звароты вэтэранаў, дзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў з заклікам падтрымаць цяперашняга кіраўніка Беларусі на выбарах.
Гарадзкая газэта "Пінскі весьнік" прысьвячае агітацыйным матэрыялам ледзь ня дзьве паласы. Нядаўна ў гэтым выданьні надрукавалі рэйтынг папулярнасьці магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта. Паводле гэнага рэйтынгу Ўладзімер Ганчарык мае менш за 3%, а Лукашэнка — каля 57%.
Нягледзячы на тое, што агітацыя да рэгістрацыі на пасаду прэзыдэнта забароненая, ні пракуратура, ні выбарчая камісія на гэтыя парушэньні ўвагі не зьвяртаюць.