Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НЕ ЗНАЙШЛІ КАМПРАМАТУ НА ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА


Міхал Стэльмак, Менск

Некалькі тыдняў супрацоўнікі Дзяржаўнага падатковага камітэту і Камітэту дзяржкантролю вывучалі фінансавую дзейнасьць Фэдэрацыі прафсаюзаў. Мэтай праверкі, паводле заявы кіраўніцтва Фэдэрацыі, быў пошук дакумэнтаў пра незаконныя апэрацыі, дзякуючы якім Уладзімер Ганчарык нібыта фінансуе свае выбарчыя мерапрыемствы.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што лідэр Фэдэрацыі ўводзіць у зман яе шараговых сяброў і патаемна ад іх выдаткоўвае прафсаюзныя складкі на прэзыдэнцкія выбары.

Вынікі працы кантралёраў не пацьвердзілі такіх абвінавачаньняў на адрас Ганчарыка. Камісіі зрабілі высновы, што пераразьмеркаваньня прафсаюзных грошай на палітычную дзейнасьць кіраўніка Фэдэрацыі ня выяўлена.

Між тым, як вынікае зь фінансавых справаздачаў, кантралёры старанна выконвалі палітычную замову каманды Аляксандра Лукашэнкі. Вось што распавёў сёньня нашаму радыё кіраўнік фінансава-эканамічнай службы Фэдэрацыі Аляксей Скарына:

(Скарына: ) "Усе нашыя выдаткі — паводле каштарысу. Гэтыя выдаткі ўзаконеныя. Калі на прыём замежнай дэлегацыі правілы вызначалі выдаткаваць 5 мінімальных заробкаў, то мы ў норму і ўкладваліся. Але кантралёры сказалі, што да каштарысу выдаткаў варта было прыкладваць мэню на абеды і буфэтныя выдаткі".

Пільна, паводле словаў Аляксея Скарыны, дасьледавалі кантралёры і дзейнасьць Фэдэрацыі, зьвязаную з выкарыстаньнем аўтатранспарту. У прыватнасьці, незаконныя апэрацыі яны спрабавалі выявіць у празьмерным, на іхную думку, выкарыстаньні паліва на транспартнае абслугоўваньне супрацоўнікаў Фэдэрацыі.

Камісія Дзяржкантролю у сваім выніковым дакумэнце ўрэшце зазначыла, што правядзеньне праверкі было абцяжаранае супрацьдзеяньнем з боку кіраўніцтва, якое нібыта не прадастаўляла неабходных дакумэнтаў. Напрыклад, як лічаць кантралёры, прафсаюзнае кіраўніцтва адмовілася прадаставіць ім пастановы выканкаму Фэдэрацыі, пералік прафсаюзнай маёмасьці, якую перадалі яшчэ ў 1992 годзе, выкананьне прафсаюзных бюджэтаў за мінулы і сёлетні гады, штатны расклад і гэтак далей. А вось якую думку на гэты конт выказаў нашаму радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі Вадзім Булгак:

(Булгак: ) "Усе дакумэнты, якія тычыліся дзейнасьці Фэдэрацыі і асабліва яе гаспадарчай дзейнасьці, былі прадастаўленыя для азнаямленьня. Але гаворка ішла пра тое, каб скапіяваць гэтыя дакумэнты. Натуральна, што гэта дакумэнты, якія ёсьць унутранай справай Фэдэрацыі, і мы не далі такой магчымасьці. Я лічу, што гэта справа самой Фэдэрацыі. І наша ўнутраная справа гаварыць пра штаты і штатны расклад", — заявіў намесьнік старшыні Фэдэрацыі Вадзім Булгак.

XS
SM
MD
LG