Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНАЯ РАДА ЎХВАЛІЛА ПРАЕКТ ПАГАДНЕНЬНЯ ПАМІЖ СЯМЁНАМ ДОМАШАМ І ЎЛАДЗІМЕРАМ ГАНЧАРЫКАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня ў Менску прайшло паседжаньне палітычнай рады пры штабе адзінага кандыдата, у якую ўваходзяць лідэры амаль усіх апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі. У парадку дня было толькі адно пытаньне — зацьверджаньне праекту пагадненьня паміж Уладзімерам Ганчарыкам і Сямёнам Домашам. Самі прэтэндэнты на паседжаньні не прысутнічалі.

Як вядома, спадар Домаш перадаў Уладзімеру Ганчарыку свой варыянт пагадненьня, які б гарантаваў яму ў выпадку перамогі адзінага кандыдата пасаду прэм'ера з шырокімі паўнамоцтвамі, яшчэ тыдзень таму. Спадар Ганчарык і ягоны штаб з гэтым праектам не пагадзіліся, таму была створаная пагадняльная камісія, якая цягам некалькіх дзён выпрацоўвала прымальны для ўсіх бакоў варыянт пагадненьня.

І вось сёньня гэты варыянт быў прапанаваны сябрам палітычнай рады. Сам тэкст праекту пагадненьня пакуль трымаюць у сакрэце, вядома толькі, што ў ім агавораныя далейшыя праграмныя дзеяньні адзінага кандыдата, і гарантыі Сямёну Домашу, актывістам ягонага штабу і палітычным партыям-удзельніцам выбарчай кампаніі.

Паводле ўдзельнікаў сёньняшняга паседжаньня, усе яны задаволеныя гэтым праектам. Згодныя з варыянтам пагадненьня і Домаш з Ганчарыкам. Гаворыць старшыня сёньняшняга паседжаньня палітычнай рады, намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Усе адзінагалосна выказаліся за тое, каб гэты дакумэнт быў тэрмінова падпісаны, таму што адкрывае дарогу да поўнага супрацоўніцтва ўсіх камандаў, усіх палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Гэта вельмі важна, і гэта ўсьведамляюць усе — і кандыдаты, і палітычныя партыі".

А вось меркаваньне іншага сябра палітычнай рады, лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца:

(Севярынец: ) "Сам факт згоды вельмі, вельмі важны. Таму сёньня палітычная рада фактычна зафіксавала згоду паміж галоўнымі палітычнымі сіламі ў краіне, якія падтрымліваюць адзінага кандыдата. Такое пагадненьне будзе падпісанае, і ўсе моманты напружанасьці, якія апошнімі тыднямі не давалі спакою ні актывістам палітычных партыяў, ні прэсе, ні самому грамадзтву — усе яны будуць зьнятыя".

Чакаецца, што заўтра тэкст гэтага пагадненьня падпішуць спадары Домаш і Ганчарык, і адразу ж да яго далучацца лідэры палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Такім чынам, на думку сяброў палітычнай рады, гэты дакумэнт стане пагадненьнем паміж прэтэндэнтамі й шырокай грамадзянскай кааліцыяй.
XS
SM
MD
LG