Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ ВАНДРОЎКІ “РУХ ДОБРАЙ ВОЛІ” ДАСЯГНУЛІ ПІНСКУ І ПРАВЯЛІ ТАМ ПРЭСАВУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Удзельнікі "Руху добрай волі", сябры Маладога Фронту, Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў, Мададой Грамады ды іншых арганізацыяў, аб’яднаных у Кааліцыю моладзевых арганізацыяў Берасьцейшчыны, прайшлі пехатой ужо больш за 70 кілямэтраў. У населеных пунктах па маршруце вандроўкі яны ладзілі дыскатэкі, спартовыя спаборніцтвы ды вечарыны, маючы на мэце прыцягнуць моладзь да ўдзелу ў восеньскіх выбарах.

Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася проста на вуліцы, удзельнікі вандроўкі распавялі, што ў Пінску міліцыянты забаранілі ўдзельнікам акцыі распаўсюджваць газэту "Берасьцейскі кур’ер", у якой распавядаецца пра "Рух добрай волі". А ўвогуле вандроўка праходзіць нармалёва. На пытаньні Радыё Свабода адказвае Юрась Губарэвіч, адзін з арганізатараў вандроўкі.

(Карэспандэнт: ) "Як у часе вандроўкі да вас ставілася мясцовая моладзь?"

(Губарэвіч: ) "Зь вялікай цікавасьцю. Там, дзе мы праходзілі, асабліва ў вёсках, маладыя людзі падыходзілі да нас, цікавіліся, куды мы ідзем, пыталіся пра выбары. А мы тлумачылі ім свае мэты".

(Карэспандэнт: ) "А ці былі якія-небудзь праблемы з уладамі?"

(Губарэвіч: ) "Улады і міліцыя таксама намі вельмі цікавіліся. Рэгулярна, ледзь ня штодня, яны прыяжджаюць да месца нашых стаянак. Як, напрыклад у Століне, — міліцыянты цікавіліся мэтамі вандроўкі, а таксама перапісалі пашпартныя зьвесткі кіраўнікоў вандроўкі. Але звычайна ніякіх прэтэнзіяў да нас няма".

(Карэспандэнт: ) "Ці далучаюцца да вас людзі па маршруце?"

(Губарэвіч: ) "Далучыліся некалькі чалавек у Століне, і ўвогуле людзі ўвесь час цікавяцца, тэлефануюць, і мы сустракаем іх там, дзе ёсьць чыгуначныя вакзалы".

(Карэспандэнт: ) "Ці хопіць у вас сілаў дайсьці да Берасьця?"

(Губарэвіч: ) "Спадзяюся, хопіць. Напачатку некаторыя ўдзельнікі былі настроеныя скептычна — ішоў дождж, цяжка было. Але праз два-тры дні ўсе пазнаёміліся і цяпер маюць цьвёрды намер ісьці да Берасьця".

(Карэспандэнт: ) "Шчасьліва!"

Такім чынам, цяпер удзельнікі "Руху добрай волі" накіруюцца ў бок Янава, а потым, прайшоўшы яшчэ больш за дзьве сотні кілямэтраў праз Драгічын, Кобрын і Жабінку, плянуюць скончыць вандроўку 20 жніўня ў Берасьці.

XS
SM
MD
LG