Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ РАГАЧОВУ НАМАГАЮЦЦА САРВАЦЬ СТВАРЭНЬНЕ СЕТКІ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ НА ВЫБАРАХ


Казімер Яноўскі, Рагачоў

Старшыня Рагачоўскага аддзяленьня абласнога грамадзкага аб'яднання "Грамадзянскія ініцыятывы" Ўладзімер Тамковіч зьвярнуўся ў мясцовую газэту "Свабоднае слова" з просьбай надрукаваць платную аб'яву для жыхароў раёну. Тэкст яе невялікі і тычыцца верасьнёўскіх выбараў прэзыдэнта. Спадар Тамковіч ад імя сваёй арганізацыі паведамляў рагачоўцам, што Выбарчы кодэкс прадугледжвае сыстэму грамадзкага назіраньня.

У гэтай сувязі ён і прапаноўваў усім рагачоўцам, хто жадае паўдзельнічаць у выбарчым працэсе назіральнікамі, зьвяртацца да актывістаў "Грамадзянскіх ініцыятываў". Даваліся адрасы і тэлефоны.

Прачытаўшы аб'яву, рэдактар "Свабоднага слова" Васіль Домніч (дарэчы, былы вайсковы камісар Рагачову) заявіў, што палітычных аб'яваў газэта не друкуе. Да таго ж у выданьня ёсьць заснавальнікі — райвыканкам і райсавет, і зь імі таксама варта параіцца.

Пасьля кансультацыяў рэдактар "Свабоднага слова" паведаміў, што і заснавальнікі не дазваляюць друкаваць аб'яву пра стварэньне сеткі назіральнікаў.

Уладзімер Тамковіч лічыць, што газэта і яе заснавальнікі груба парушылі ня толькі Выбарчы кодэкс, але і Закон аб друку. Ён накіраваў пракурору Алегу Грынкевічу пісьмовую скаргу з просьбай разгледзець парушэньне і адрэагаваць у адпаведнасьці з заканадаўствам.


XS
SM
MD
LG