Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ РАЗАБРАЎСЯ ЗЬ НЯЎДАЛЫМІ КАНДЫДАТАМІ І АДХІЛІЎ СКАРГУ ВІНЦУКА ВЯЧОРКІ НА ЛУКАШЭНКУ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньняшняе паседжаньне Цэнтарвыбаркаму пачалося са справаздачаў старшыняў абласных і Менскай гарадзкой выбарчых камісіяў пра вынікі праверкі здадзеных подпісаў. Цікава, што Цэнтарвыбаркам абмежаваўся разглядам пытаньняў пра ўсіх прэтэндэнтаў, хто ня здолеў пераадолець бар'еру 100 тысячаў подпісаў.

Старшыня Менскай гарадзкой камісіі заявіла, што з правераных подпісаў, якія здаў бізнэсовец і дэпутат сталічнага гарсавету Юры Данькоў, 98% былі недакладнымі. Сярод сфальшаваных аўтографаў свой знайшла нават сёньняшняя дакладчыца Цэнтарвыбаркаму Надзея Кісялёва, якая прапанавала перадаць усе матэрыялы наконт спадара Данькова ў пракуратуру.

Цэнтарвыбаркам таксама задаволіў пададзеную Сяргеем Папковым ад імя Зянона Пазьняка скаргу на дзеяньні Ляхавіцкай раённай выбарчай камісіі, якая беспадстаўна прызнала недакладнымі 63 подпісы грамадзянаў.

Асобна разглядалі пытаньні Леаніда Сініцына й Міхаіла Марыніча, якія абодва выступілі на паседжаньні й спрабавалі пераканаць Цэнтарвыбаркам у тым, што маюць права на рэгістрацыю кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта. Аднак камісія аднагалосна адмовіла ў задавальненьні іхных скаргаў. Спадар Сініцын паабяцаў зьвярнуцца з наступнай скаргай у АБСЭ, а спадар Марыніч — у Эўрапейскі суд правоў чалавека. Яны лічаць, што подпісы ў падтрымку іхнага вылучэньня зьніклі ў мясцовых камісіях. Леаніду Сініцыну, які мае прэтэнзіі галоўным чынам да Магілёўскай вобласьці, залічылі толькі 80 тысячаў подпісаў, а Міхаілу Марынічу, які скардзіўся на два сталічныя раёны, — 91 тысячу.

Што да чатырох прэтэндэнтаў, якія маюць шанцы стаць зарэгістраванымі кандыдатамі, дык сёньня Цэнтарвыбаркам займаўся толькі Аляксандрам Лукашэнкам — на падставе скаргі старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі.

Спадар Вячорка пісьмова запатрабаваў ад ЦВК даць адказ на 4 пытаньні. Па-першае, чаму Аляксандар Лукашэнка, адрозна ад іншых прэтэндэнтаў, не падаў у падпісных аркушах свайго дакладнага хатняга адрасу, а напісаў толькі "горад Менск". Сябар цэнтральнае камісіі Ігар Андрэеў, дырэктар Нацыянальнага цэнтру праўнае інфармацыі, заявіў на паседжаньні, што Выбарчы кодэкс не патрабуе ад кандыдата ўказваць дакладны адрас, бо прэзыдэнцкія выбары адбываюцца ў адной выбарчай акрузе.

Па-другое, Вінцук Вячорка патрабаваў даць ацэнку наступнай заяве спадара Лукашэнкі, якая прагучала ў часе нарады з вэртыкальлю на тэлебачаньні й радыё, а потым была надрукаваная ў газэце "Советская Белоруссия":

"Выбары дзейнага прэзыдэнта арганізоўвае вэртыкаль улады. Гэта ні для каго не сакрэт".

Цэнтарвыбаркам сёньня не заўважыў словы "ДЗЕЙНАГА прэзыдэнта" і заявіў, што выбары прэзыдэнта сапраўды арганізоўвае мясцовая выканаўчая ўлада, таму парушэньня закону тут няма.

Па-трэцяе, лідэр партыі БНФ запытаў, чаму з усіх прэтэндэнтаў толькі Аляксандар Лукашэнка валодае інфармацыяй пра якасьць сабраных подпісаў, а ягоныя канкурэнты пра Лукашэнкавы подпісы ня ведаюць нічога. Сябар Цэнтарвыбаркаму Ігар Андрэеў адказаў на гэта тым, што ён ня ўгледзеў аніякіх абмежаваньняў для асобных кандыдатаў наконт атрыманьня інфармацыі. "Уся інфармацыя, па-мойму, у той ступені, у якой яна запытваецца, прадастаўляецца ўсім кандыдатам на прэзыдэнта", — заявіў спадар Андрэеў.

Па-чацьвертае, на думку Вінцука Вячоркі, спадар Лукашэнка на згаданай нарадзе распачаў агітацыю за сябе, заявіўшы: "Гэтыя прэзыдэнцкія выбары я выйграю". А Цэнтарвыбаркам лічыць, што прамова Аляксандра Лукашэнкі "не ўтрымлівае прамых заклікаў да ўдзелу ў выбарах, галасаваньня за тых або іншых кандыдатаў ці супраць іх".

Ігар Андрэеў сказаў, што прыкметаў парушэньня заканадаўства пра выбары няма, як няма й падставаў для адмовы ў рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта.

Вось як пракамэнтаваў вынікі разгляду скаргі Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Цягам любой аб'ектыўнай юрыдычнай дыскусіі, угрунтаванай на заканадаўстве й праўных доказах, я думаю, можна было б даказаць нашу рацыю.

Што да чацьвертага аргумэнту, дык тут ужо ўступае ў сілу элемэнтарны аналіз зьместу й кантэксту Лукашэнкавых выказваньняў — шматлікіх выказваньняў, зробленых ім падчас сэлектарных нарадаў, славутай нарады з кіраўніцтвам, тэлевізійных выступаў. Відавочна, што ён ня толькі агітуе за сябе — ён яшчэ й запалохвае чынавенства, якое адмовіцца агітаваць за яго.

Я ня зьдзіўлены такім рашэньнем Цэнтральнае выбарчае камісіі — гэты вынік быў прадказальны. Маёй задачай было прыцягнуць увагу грамадзтва на тое, што парушэньні закону пачаліся задоўга да самых выбараў", — зазначыў лідэр Партыі БНФ.

XS
SM
MD
LG