Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў "Незалежнага назіраньня" была прысьвечаная вынікам фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Паводле аднаго з каардынатараў "Незалежнага назіраньня" Мечыслава Грыба, усе 6753 ўчастковыя выбарчыя камісіі фармаваліся прадстаўнікамі выканаўчае ўлады. Вылучаныя ад апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў кандыдаты й назіральнікі не дапускаліся на паседжаньні выканкамаў, у многіх месцах участковыя камісіі фармавалі значна раней за вызначаны выбарчым кодэксам тэрмін й г.д.
Паводле словаў кіраўніка юрыдычнага аддзелу "Незалежнага назіраньня" Валянціна Стэфановіча, у Наваполацку мясцовыя ўлады ўвогуле склалі сьпіс тых партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікоў якіх ні ў якім выпадку вырашылі не дапускаць у склад участковых камісіяў. Пры гэтым, улады не даюць ніякіх зьвестак пра тое, прадстаўнікі якіх арганізацыяў і партыяў увайшлі ў склад камісіяў. Вядома толькі, што напрыклад у Віцебскай вобласьці з 13 000 сяброў участковых камісіяў толькі 22 чалавекі прадстаўляюць Аб'яднаную Грамадзянскую партыю, Таварыства Беларускай Мовы, ды некаторыя іншыя апазыцыйныя арганізацыі. А ў многіх рэгіёнах участковыя камісі цалкам створаныя з прадстаўнікоў адной установы, як правіла — бюджэтнае сфэры.
А старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны Алег Трусаў яшэчэ дадаў, што ЦВК ды іншыя выбарчыя камісіі парушаюць правы беларускамоўных выбарцаў, друкуючы амаль усе свае матэрыялы па-расейску.
Вось якую выснову зрабіў кіраўнік Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб:
(Грыб: ) "Можна зрабіць выснову, што ўлада імкнецца, ідзе на стварэньне ўмоваў для фальшаваньня вынікаў выбараў. Адназначна! Фармаваньне тэрытарыяльных камісіяў, фармаваньне ўчастковых камісіяў, парушэньні ў часе прыняцьця й рэгістрацыі подпісаў тых людзей, якія хацелі быць кандыдатамі на прэзыдэнта й г.д.
Усё адно да другога ўжо дае падставу зрабіць такую несуцяшальную выснову",— сказаў спадар Грыб.
Каардынатар "Незалежнага назіраньня" Алесь Бяляцкі сказаў, што яму стала вядома, што ўлады будуць намагацца зрабіць усё, каб ужо ў першым туры Аляксандар Лукашэнка набраў каля 70% галасоў. Спадар Бяляцкі сьцьвярджае, што йснуе загад, паводле якога амаль усе студэнты ВНУ павінны ўзяць удзел у датэрміновым галасаваньні й 9 верасьня накіравацца на сельгасработы. Алесь Бяляцкі лічыць, што супрацьдзейнічаць гэтаму сцэнару можна пры дапамозе сыстэмы паралельнага падліку галасоў, якой гэтак баіцца Аляксандар Лукашэнка.
Гаворыць Алесь Бяляцкі:
"Натуральна, што мы пры арганізацыі паралельнага падліку будзем выкарыстоўваць кампутары, тэхніку грамадзкіх арганізацыяў. мы будзем выкарыстоўваць Інтэрнэт — гэтае страшнае для Лукашэнкі слова... Усе гэтыя тэхналёгіі мы будзем выкарыстоўваць, якія маюць для яго мітычную, магічную падкладку... Хай ён гэтага не баіцца — гэта ўсё нармальна. І ўсё гэта дасьць нам магчымасьць мець вынікі паралельнага падліку праз гадзіну пасьля заканчэньня выбараў",— сказаў Алесь Бяляцкі.
А Алег Трусаў дадаў, што апошнім часам да кіраўнікоў "Незалежнага назіраньня" пачалі зьвяртацца многія сябры выбарчых камісііяў розных узроўняў, якія заяўляюць, што не зьбіраюцца выконваць загад уладаў і фальшаваць вынікі выбараў.