Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ДОМАШ І ГАНЧАРЫК ЕДУЦЬ У РАСЕЮ?


Валер Каліноўскі, Менск

З двухдзённым візытам у Цюмень Сямён Домаш і кіраўнік ягонае ініцыятыўнае групы Яўген Лабановіч паехалі на запрашэньне мэра гэтага сібірскага гораду. Вось што сказаў перад ад'ездам сам спадар Домаш:

(Домаш: ) "У Цюмень мяне запрасіў мэр, мой зямляк — на дзень гораду, запрасіла й беларуская дыяспара Цюменскае вобласьці".

Прэсавы сакратар спадара Домаша Міхась Скобла расказаў Радыё Свабода пра падрабязнасьці сустрэчаў у Цюмені...

(Скобла: ) "Запрашэньне прыйшло ад мэра Кірычука, які паходзіць зь Беларусі, таму будзе сустрэча ў мэрыі, з намесьнікам кіраўніка палітычнае рады "Саюза правых сілаў", з выканаўцам абавязкаў кіраўніка гарадзкое Думы, зь бізнэсоўцамі, зь беларускай дыяспараю. Беларуская суполка там — адна з самых шматлікіх у Рсеі. І ў канцы адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя для мясцовых СМІ".

Паводле словаў Міхася Скоблы, гэтае паездка мае пэўны перадвыбарчы сэнс, і гэтае запрашэньне сьведчыць пра добрыя кантакты Сямёна Домаша. Так ці йначай прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Беларусі, якія адназначна выступаюць супраць гэтак званае "Саюзнае дзяржавы", сваімі дзеяньнямі прызнаюць важнасьць расейскае пазыцыі ў беларускіх выбарах.

На наступным тыдні ў Расею паедзе й калега Домаша па "пяцёрцы" Ўладзімер Ганчарык. Вось што ён расказаў пра свае пляны:

(Ганчарык: ) "Я там на наступным тыдні буду. Трэба рэалізаваць дамоўленасьці, якія ёсьць у аналітычным цэнтры, сустрэцца з аналітыкамі Пуціна. Яны працуюць па Беларусі і я хачу ведаць, як яны ацэньваюць сытуацыю".

Уладзімер Ганчарык упэўнены, што ніякае падтрымкі з боку Крамля Аляксандар Лукашэнка ня мае, што першая транша стабілізацыйнага крэдыту, які нядаўна пералічыў Цэнтрабанк Расеі ў Беларусь, зусім нязначная і не дапаможа Аляксандру Лукашэнку ў ягонай барацьбе. Гэты крэдыт — і не падтрымка пэрсанальна Лукашэнку, а на думку Ганчарыка, працяг ранейшае палітыкі Расеі на ўнезалежваньне Беларусі. Прылёт Уладзімера Пуціна й Леаніда Кучмы на "Славянскі базар" у Віцебску, на думку Ганчарыка, таксама ня сьведчыў пра ягоную падтрымку Лукашэнку:

"Я катэгарычна супраць, ніякае падтрымкі няма! Гэта падтрымка ідэі славянскага яднаньня, толькі і ўсяго. Яны не маглі йначай паступіць",— сказаў Уладзімер Ганчарык.

Разам з тым ён паведаміў, што дакумэнты пра зьнікненьне вядомых людзей у Беларусі ўжо паступілі ў канцылярыю Ўладзімера Пуціна, трапілі яны да мэра Масквы Юрыя Лужкова і многіх іншых палітыкаў. Спадар Ганчарык хацеў бы пачуць пэўную рэакцыю адтуль.

Ня выключана, што Ўладзімер Ганчарык асабіста паспрабуе сустрэцца з былым кіраўніком пракуратуры Беларусі Алегам Бажэлкам, які жыве ў Расеі, каб пераканаць яго паведаміць тую інфармацыю пра зьніклых, якою ён валодае. Блізкія да Ганчарыка людзі ўжо вялі перамовы з тым на гэты конт. У любым выпадку спадар Ганчарык упэўнены, што рапарт генэрала Лапаціка — не апошняя інфрамацыя ў гэтай справе, якая стане вядомай грамадзкасьці перад выбарамі
XS
SM
MD
LG