Пінскае прадпрыемства “Гідрасельмаш” – былы экскаватарарамонтны завод – знаходзіцца зараз у дрэнным эканамічным стане. Рабочыя працуюць два разы на тыдзень і атрымоўваюць за месяц 20 тысячаў заробку.
Сюды прыехалі сёньня а 15-й гадзіне зь Берасьця на шыкоўнай “Міцубісі” сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі тлумачыць, за каго трэба галасаваць. Сярод агітатараў – чыноўнікі аблвыканкаму Хрысьценка, Сугакоў і Туцкі. А таксама намесьнікі старшыні пінскага гарвыканкаму Гордзіч і Федаровіч.
Каб запоўніць залю, на сустрэчу выклікалі нават рабочых, якія знаходзяцца ў змушаным адпачынку. У якасьці заахвочваньня тым, хто прыйдзе, у табель абяцалі паставіць па 8 гадзінаў працоўнага часу.
У выніку назьбіралі каля сотні рабочых. Карэспандэнтаў незалежных СМІ не пусьцілі. Аднак Радыё Свабода стала вядома, што ў часе гэтага мерапрыемства, якое доўжылася каля 2 гадзінаў, рабочым распавядалі пра шматлікія дасягненьні беларускай эканомікі за апошнія 7 гадоў.
На пытаньне рабочых, калі будзе праца і прыстойны заробак, агітатары адказалі прыкладна так: калі прагаласуеце, як трэба, дык пасьля 9-га верасьня будзе ўсё добра.
Сёньня стала вядома, што ніводзін з прадстаўнікоў незалежніцкіх грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, якія вылучылі ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, у камісіі не патрапілі.
Як паведамілі ў гарвыканкаме, каля 40 прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру Вясна аказаліся па-за камісіямі з прычыны неахайнага афармленьня папераў. Сяброў мясцовай філіі БСДП “Народная Грамада” не ўключылі ў камісіі таму, што яны, быццам, не ўключылі паперы, якія б сьведчылі пра іхнае чальцоўства ў партыі.
Паводле ж словаў саміх сацыял-дэмакратаў, яны асабіста хадзілі ў выканкам з партыйнымі пасьведчаньнямі, але атрымалася, што адказныя чыноўнікі не зьвярнулі на гэта ўвагі.
У выніку, у склад участковых камісіяў уключылі толькі прадстаўнікоў КПБ, ад грамадзкіх арганізацыяў – сяброў БПСМ, некалькі сябраў афіцыйных прафсаюзаў.