Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ВЯДУЦЬ НАСТУП НА ГАНЧАРЫКА ПРАЗ ФЭДЭРАЦЫЮ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Публічныя выпады Аляксандра Лукашэнкі супраць Уладзімера Ганчарыка, які нібыта выкарыстоўвае прафсаюзныя складкі на свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, пачалі адбівацца на фінансавым становішчы Фэдэрацыі.

Як паведаміў сёньня нашаму радыё першы намеснік старшыні Фэдэрацыі Франц Вітко, наймацнейшы фінансавы ціск адчувае галіновы прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Тут запазычанасьць дасягнула 1,5 мільярды рублёў:

"Калі браць Берасьцейскую вобласьць — там запазычанасьць у заробках у аграпрамысловым комплексе складае 86,7 мільёнаў рублёў. А вось запазычанасьць суб'ектаў гаспадараньня ў сяброўскіх прафсаюзных складках, што зьяўляюцца часткай заробкавай аплаты, але не пералічаныя, складае 257 мільёнаў рублёў. Аналягічная сытуацыя і ў іншых абласьцях. Напрыклад, Менская вобласьць, паводле апэратыўных зьвестак, ня мае запазычанасьці перад працаўнікамі сельскае гаспадаркі. А вось запазычанасьць у частцы прафсаюзных складак складае 400 мільёнаў рублёў",— зазначыў Франц Вітко.

Сумнае лідэрства прафсаюзу АПК ў гэтым пытаньні вынікае, як лічаць экспэрты, з падазрэньняў уладаў ва ўжываньні прафсаюзных складак вяскоўцаў на палітычныя мэты. Бо, апроч Уладзімера Ганчарыка, удзел у выбарчай кампаніі бярэ й кіраўнік гэтага прафсаюзу Аляксандар Ярашук. Другое месца ў сьпісе запазычанасьцяў у складках займае галіновы прафсаюз аўтасельгасмашу. Ён недаатрымаў 500 мільёнаў рублёў. Як вядома, ягоны лідэр Аляксандар Бухвостаў ня толькі прафсаюзны паплечнік Уладзімера Ганчарыка, але і ўваходзіць у каманду яго палітычных аднадумцаў:

"Была дадзеная каманда на тое, каб паслабіць фінансавую моц прафсаюзаў. 500 мільёнаў рублёў складак, якія пералічылі нашыя рабочыя, не паступілі на прафсаюзныя рахункі. Гэта супярэчыць як унутранаму заканадаўству, гэтак і міжнародным нормам. Мы зьвярталіся з гэтым пытаньнем да генэральнага пракурора, у Камітэт дзяржаўнага кантролю, ва Ўрад, Канстытуцыйны суд... Але ніхто не ўзяўся за ягонае вырашэньне, каб спыніць гэтае беззаконьне, бо яно патрэбнае ўладзе. Пры гэтым улады наўмысна дэзінфармуюць працоўныя калектывы. Маўляў, Ганчарык выкарыстоўвае грошы прафсаюзу на сваю кампанію. Усё гэта няпраўда",— зазначыў Аляксандар Бухвостаў.

Паводле ягоных словаў, цяжкае фінансавае становішча прафсаюзу спрычынілася да парушэньня ім статуту Фэдэрацыі. Сёлета ёй галіновы прафсаюз аўтасельгасмашу яшчэ не пералічыў ані рубля прафсаюзных складак.

XS
SM
MD
LG