Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЗНАЧАНЫ АДЗІНЫ КАНДЫДАТ


Віталь Цыганкоў, Менск


Імя адзінага кандыдата было вызначанае сёньня на паседжаньні пяцёркі, якое працягвалася ад 10-ай гадзіны раніцы да трэцяй гадзіны апоўдня ў будынку Федэрацыі прафсаюзаў. Пасьля заканчэньня сустрэчы ўсе пяцёра патэнцыйных кандыдатаў выйшлі да прадстаўнікоў прэсы і абвясьцілі вынік сваіх перамоваў. Сябры пяцёркі, акрамя, бадай, Сямёна Домаша, выглядалі задаволенымі. Слова ўзяў Уладзімер Ганчарык.

(Ганчарык: ) “Я хачу абвесьціць прынятае рашэньне сябрамі пяцёркі, якія прэтэндуюць на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, што рашэньне аб адзіным кандыдаце ад дэмакратычных сілаў шырокай грамадзянскай кааліцыі адбылося”.

Пасьля гэтага Сямён Домаш абвясьціў, што адзіным кандыдатам ад імя пяцёркі названы Уладзімер Ганчарык. Пасьля чарговых воплескаў журналістаў адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі ўзяў слова.

(Ганчарык: ) “Я хачу сказаць, што ўсе сябры пяцёркі застаюцца ў камандзе, працуюць у камандзе і працуюць на адзіны вынік. Пасьля перамогі будзе створаная адзіная прэзыдэнцкая Рада, у якой будуць працаваць усе сябры каманды. Ёсьць дамоўленасьць.”

Сябры пяцёркі дамовілся, што ўсе яны ідуць на рэгістрацыю, але як толькі будзе зарэгістраваны Уладзімер Ганчарык, астатнія здымаюць свае кандыдатуры. Сябры пяцёркі таксама заявілі, што яны вызначылі, хто будзе ісьці другім і трэцім нумарам на выпадак нерэгістрацыі Ганчарыка, але не паведамілі прэсе, хто ж зь іх стаіць пад гэтымі нумарамі.

Сяргей Калякін падкрэсьліў, што рашэньне пра адзінага кандыдата было рашэньнем выключна "пяцёркі". Ніхто, паводле лідэра камуністаў, "на нас ня ціснуў". Аб'яднаньне штабоў кандыдатаў павінна адбыцца на наступным тыдні. Дзеля высьвятленьня некаторых пытаньняў пяцёрка плянуе сабрацца яшчэ раз у аўторак. Як паведаміў Сямён Домаш, падыходы наконт канкрэтных праграмных дзеяньняў будуць выпрацоўвацца калектыўна.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Ганчарык адзначыў, што ў дачыненьні з Расеяй ён згодны з формулай: "ніякай саюзнай дзяржавы, а саюз сувэрэнных дзяржаваў". Адзіны кандыдат выступае за эўрапейскую інтэграцыю. А вось што адказаў Ганчарык на пытаньне пра лёс беларускіх нацыянальных сымбаляў:

(Ганчарык: ) “Што да нацыянальнай сымболікі, то будзе прынятае рашэньне, і сфэра ўжываньня гэтай сымболікі на першым этапе будзе ўзаконеная”.

Пасьля кароткай размовы з журналістамі прадстаўнікі пяцёркі накіраваліся ў залю, дзе сабраліся кіраўнікі дэмакратычных партыяў, якія ў гэты час зьбіраліся выпрацоўваць мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата праз калегію выбаршчыкаў. На шчасьце, гэткі складаны мэханізм не спатрэбіўся, і вызначэньне адзінага кандыдата ўсе прысутныя сустрэлі з палёгкай і задавальненьнем. Нават тыя, (а гэта найперш БНФ і АГП), хто больш схіляўся да кандыдатуры Сямёна Домаша. Сёньня ў некаторых мэдыях зьявілася інфармацыя, што пяцёрка пагадзіцца на формулу "Ганчарык – прэзідэнт, Домаш – прэм'ер-міністар". Але Сямён Домаш сам адхіліў гэтыя чуткі ў інтэрвію для нашага Радыё, заявіўшы, што пяцёрка не займалася разьмеркаваньнем будучых пасадаў. Домаш таксама паведаміў, што разьлічвае пераканаць пераважную большасьць актывістаў свайго штабу пачаць працу на Ўладзімера Ганчарыка дзеля агульнай перамогі.
XS
SM
MD
LG