У Менску на пляцоўцы каля ўнівэрсаму "Цэнтральны" звычайна багата зьбіральніаў подпісаў за розных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Сёньня ж тут былі толькі сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Мая суразмоўца — эканаміст Маргарыта Лявуцкая.
(Лявуцкая: ) "Народ запужаны, за Пазьняка ня кожны хоча аддаваць свой подпіс. Кажуць, што мы з вамі, але баімся, таму што працуем у дзяржаўных структурах.
Сёньня ідуць людзі, якія спадзяваліся, што мы да іх дойдзем дахаты. Канечне, складана, таму што мы зьбіраем подпісы за незалежнасьць Беларусі".
Паводле Маргарыты Лявуцкай, у часе збору подпісаў часта адбываліся дыскусіі, былі й вельмі эмацыйныя. А вось Наталька Базылевіч, таксама зьбіральніца подпісаў за Зянона Пазьняка, мяркуе, што варта выкарыстоўваць новыя падыходы.
(Базылевіч: ) "Увогуле, вобраз Зянона Пазьняка дэманізаваны. Самае галоўнае — разбураць гэты вобраз. Мы бралі ягоную кнігу "Глёрыя Патрыя" і ягоны здымак у маладосьці. Да нас стаяла чарга, жанчын асабліва, і яны ўсё пыталіся: "За каго такога прыгожага зьбіраеце подпісы?" І ўсе адразу неяк мяняліся..."
Зьбіральніца подпісаў за Пазьняка бібліёграф Аляксандра Васілеўская наступным чынам падсумавала ўласны досьвед збору подпісаў:
(Васілеўская: ) "Не зусім добра арганізаваліся ў першыя дні. Можна было б трошкі інакш працаваць. Трэба было арганізаваць такія кропкі ў людных месцах, а мы пачалі рэгіянальна...
Я хадзіла па дамах, у мяне такое кансэрватыўнае насельніцтва, гэта Цэнтральны раён, Камуністычная вуліца. Там я зусім не магла нічога сабраць. Але нягледзячы на ўсе складанасьці, прыхільнікі Зянона Пазьняка ня трацяць аптымізму".
(Лявуцкая: ) "Колькі подпісаў мы б не сабралі, гэта для Зянона Станіслававіча перамога. Таму што мы зьбіралі ў вельмі дрэнных умовах, ніякай матэрыяльнай падтрымкі. Нават газаваную ваду нашу ўсе зьбіральнікі куплялі толькі за свае грошы. Многія людзі нас асуджалі. Над намі зьдзекваліся нават вэтэраны, якім можна дараваць".
Паводле Маргарыты Лявуцкай, у найбольш удалыя дні яна зьбірала па 70-80 подпісаў, у менш удалыя — па трыццаць. Паводле маіх назіраньняў, сёньня за некалькі гадзінаў за Пазьняка падпісаліся каля дзясяці чалавек. Адзін зь іх — студэнт Аляксей. Вось як ён патлумачыў свой выбар:
(Аляксей: ) "Паважаю беларускую мову".
Яшчэ адна падпісантка, Людміла Суднікава, распавяла Радыё Свабода наступную гіторыю:
(Суднікава: ) "Мой сын скончыў 9-ы кляс. Учора мне патэлефанавала ягоная клясная кіраўніца і папрасіла аддаць свой подпіс за Лукашэнку. Я яе паважаю, таму што яна шмат дапамагала майму сыну, бо ён — троечнік. І я згадзілася, але за Лукашэнку я б не прагаласавала".
Спадарыня Людміла Суднікава паставіла свой подпіс і за Зянона Пазьняка.
Неўзабаве да зьбіральнікаў подпісаў падышоў кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў і больш падрабязна распавёў пра тое, зь якім вынікам яны заканчваюць гэты этап выбарчай кампаніі.
(Папкоў: ) "На ўчорашні дзень было 104 600 подпісаў. Цяпер мы дабіраем, каб быў нейкі запас, таму што мы ведаем да нас адносіны, і як будуць дзейнічаць улады. Збор подпісаў мы працягваем да 2 гадзінаў, каб пасьпець потым зарэгістраваць, заверыць подпісы й здаць".