Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК ЗЬНЯЎ СВАЮ КАНДЫДАТУРУ НА КАРЫСЬЦЬ МІХАІЛА МАРЫНІЧА


Ганна Соусь, Менск


(Антончык: ) "Я вельмі добра разьлічваю свае сілы і ведаю, што я мог бы набраць ня менш галасоў, чым любы кандыдат, які прадстаўляе апазыцыю. Але гэтых галасоў будзе недастаткова, каб перамагчы. Сёньня мы прынялі рашэньне пачаць падтрымліваць Міхаіла Афанасьевіча Марыніча. Яго вылучэньне было прадуманае некалькі гадоў таму. Грамадзкасьць прычакае вельмі многа сэнсацыйных рэчаў у блізкім часе".

Перад прэсавай канфэрэнцыяй многія меркавалі, што Сяргей Антончык здыме сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Спадар Антончык патлумачыў, чаму ён не зрабіў гэтак.

(Антончык: ) "Справа ў тым, што асабіста я ня веру ў тое, што "пяцёрка" здолее аб'яднацца пасьля рэгістрацыі. Я хацеў бы дадаць, што мой выхад з гэтай гонкі як кандыдата — гэта прыклад для тых кандыдатаў, якія ўжо доўга кажуць пра нейкае аб'яднаньне".

Сяргей Антончык мяркуе, што неўзабаве Міхаіла Марыніча падтрымаюць і іншыя кандыдаты. На ягоную думку, гэта будуць Аляксандар Ярашук і Віктар Цярэшчанка.

Сам Міхаіл Марыніч наступным чынам патлумачыў сёньня свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі:

(Марыніч: ) "Трэба зрынуць дыктатуру. Мы зь Сяргеем Антончыкам былі яшчэ дэпутатамі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Мы былі разам з Генадзем Карпенкам, і цяпер ідзем пад сьцягам Карпенкі. І аб'яднаемся мы дзеля адной мэты — разьняволіць, даць грамадзтву свабоду".

Міхаіл Марыніч паабяцаў журналістам у блізкім часе шэраг сэнсацыяў — новую інфармацыю пра зьніклых палітыкаў, пра сьмерць Генадзя Карпенкі ды іншае.

Пры якіх умовах Міхал Марыніч можа зьняць сваю кандыдатуру і на карысьць якога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду? На гэтае пытаньне Радыё Свабода Міхаіл Марыніч адказаў наступным чынам:

(Марыніч: ) "Сёньня на гэтую тэму гаварыць запозна. Здымаць сваю кандыдатуру я не зьбіраюся".

Паводле словаў Міхаіла Марыніча, калі ад ягонага рашэньня будзе залежаць будучыня Беларусі, ён гатовы адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі на карысьць кандыдата, які будзе мець найбольшыя шанцы на перамогу.

XS
SM
MD
LG