Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАСЬЛЕД СЯБРОЎ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ СЯМЁНА ДОМАША


Сяргей Астраўцоў, Горадня


Улады перасьледуюць аднаго з актывістаў каманды Домаша — галоўнага доктара Радунскай сельскай больніцы Станіслава Леўшыка. Ён папярэджаны, што існуе загад аб ягоным звальненьні. Дзеля абароны спадара Леўшыка складзеныя скаргі, якія накіруюць у пракуратуру і ў Цэнтральную выбарчую камісію. Гэты чалавек раздражняе ўлады даўно. Ён дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, падпісаў сваім часам заяву аб імпічмэнце Лукашэнку. Цяпер у бальніцу прыслалі чарговую камісію, каб шукаць недахопы.

У абласным штабе Ўладзімера Ганчарыка пануе напружаньне. Па словах каардынатара Ігара Квачэнкі, нямала падпісных лістоў даводзіцца выбракоўваць. Ня спраўдзіліся надзеі на студэнтаў, якіх прыцягнулі да збору подпісаў.

Сёньня ў Горадню павінен быў прыехаць прадстаўнік Цэнтарвыбаркаму, каб разабрацца з канфліктам паміж групай Ганчарыка і мясцовымі ўладамі. 10 падпісных лістоў, а гэта 500 подпісаў, былі засьведчаныя ў адміністрацыі Ленінскага раёну гораду. Потым высьветлілася, што сабраныя подпісы былі ў іншым, Кастрычніцкім раёне. Але "кастрычніцкае" начальства адмовілася выправіць памылку і паўторна засьведчыць падпісныя лісты.

Ініцыятыўная група Паўла Казлоўскага ў Горадні сабрала 6 000 подпісаў. Вынікі групы Зянона Пазьняка, па маіх зьвестках, значна больш сьціплыя.

Улады праводзяць ў Горадні перадвыбарчае ананімнае анкетаваньне. Пытаньні анкеты складзеныя гэтак, каб, па магчымасьці, атрымаць выгадныя сабе адказы. Напрыклад, калі мова ідзе аб даверы насельніцтва, дык на першым месцы пазначаны "прэзыдэнт". Калі ж задаецца пытаньне аб вінаватых у нашых праблемах, дык на першым месцы ўжо "заходнія краіны", а "прэзыдэнт" недзе ў канцы. Што да пэрсаналіяў, дык у адной арганізацыі з 20 чалавек толькі адзін напісаў, што будзе галасаваць за Лукашэнку.

Улады рыхтуюцца да выбараў і такім чынам. Зьбіраюцца стварыць інфармацыйна-прапагандысцкія групы для працы на прадпрыемствах. Будзе разгледжанае грамадзка-палітычнае становішча ў паасобных раёнах вобласьці. Рыхтуецца таксама "адзіны палітдзень" на тэму "За моцную квітнеючую Беларусь". Само сабой, квітнеючую на чале з Лукашэнкам.

XS
SM
MD
LG