Перад пачаткам сёньняшняй акцыі ейны арганізатар, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец так патлумачыў сэнс гэтага мерапрыемства:
(Севярынец: ) "Сёньняшняя акцыя Маладога фронту называецца "У пошуках адзінага". Моладзі доўга абяцалі вызначыцца ў справе адзінага кандыдата. Абяцалі партыі, абяцалі пяцёркі, двойкі, тройкі, сямёркі, палітычныя структуры й грамадзкія ініцыятывы, ўрэшце адзінага дэмакратычнага кандыдата дасюль так і ня вызначылі.
Таму калі сёньня маладыя людзі проста завітаюць у госьці да гэтых кандыдатаў, проста паглядзяць ім у вочы, паразмаўляюць зь імі, то гэта акажа нармалёвы ўплыў на ўсіх кандыдатаў. Яны сапраўды зразумеюць, што іхны асноўны электарат — моладзь, даўно стаміўся чакаць адзінага. І я думаю, што большасьць кандыдатаў, людзей вартых, гэта зразумеюць сёньня".
Маладафронтаўцы вырашылі наведаць штабы 7 прэтэндэнтаў: спадароў Марыніча, Ярашука, Чыгіра, Казлоўскага, Ганчарыка, Сініцына, Домаша, а таксама сустрэцца зь яшчэ адным прэтэндэнтам — Аляксандрам Лукашэнкам.
Усім прэтэндэнтам маладафронтаўцы задавалі пытаньні: "Ці гатовы вы стаць адзіным кандыдатам? І ці гатовы зьняць сваю кандыдатуру на карысьць іншага, каго апазыцыйныя сілы назавуць адзіным?"
Патэнцыйным прэтэндэнтам удзельнікі акцыі таксама прапанавалі зрабіць зь імі фотаздымак на памяць пад двухсэнсоўнай назвай "Час здымацца!"
Усе прэтэндэнты былі задаволеныя візытам маладафронтаўцаў. Аднак Міхаіл Марыніч сказаў, што адзіны кандыдат найхутчэй вызначыцца пасьля першага туру выбараў, а адзін з кіраўнікоў штабу Леаніда Сініцына, Яўген Крыжаноўскі, лічыць, што адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ўсё роўна будзе ягоны шэф.
А вось што адказаў на пытаньні маладафронтаўцаў Аляксандар Ярашук:
(Ярашук: ) "Гатовы! Гатовы!"
(Севярынец: ) "І ці гатовы вы зьняцца на карысьць адзінага кандыдата, калі такі будзе агульнапрызнаны?"
(Ярашук: ) "Гатовы таксама. Як пры шлюбе, гатовы, гатовы!"
Міхаіл Чыгір запэўніў удзельнікаў акцыі, што адзіны кандыдат будзе абраны ў самы бліжэйшы час. Гаворыць Міхаіл Чыгір:
(Чыгір: ) "Я лічу, што кожны зь пяцёркі гатовы зьняцца на карысьць іншага. Ну й я сказаў бы так, што часу ў нас засталося вельмі мала, я думаю, што дапамога нам не патрэбная, і мы 21-га ў суботу зьбярэмся. Калі ня вырашым 21-га, вырашым 22- га, і стане вядомы адзіны кандыдат. Гэта будзе зроблена".
Павал Казлоўскі сказаў, што гатовы зьняць сваю кандыдатуру, і 21 ліпеня дамова пра адзінага кандыдата абавязкова будзе падпісаная.
А Ўладзімер Ганчарык адказваў на пытаньні маладафронтаўцаў амаль па-піянэрску:
(Ганчарык: ) "Заўжды гатовы!"
(Севярынец: ) "Ці гатовыя вы будзеце зьняцца на карысьць адзінага дэмакратычнага кандыдата, калі такі агульнапрызнаны адзіны кандыдат зьявіцца?"
(Ганчарык: ) "Безумоўна!"
Пасьля спадар Ганчарык паведаміў, што сёньня ў яго адбыліся кансультацыі зь Сяргеем Калякіным, Міхаілам Чыгіром і Паўлам Казлоўскім. Уладзімер Ганчарык спадзяецца, што 21 ліпеня імя адзінага кандыдата на прэзыдэнта будзе-такі названае.
І толькі адзін прэтэндэнт, Аляксандар Лукашэнка, не захацеў сустракацца з удзельнікамі акцыі, хаця яны даслалі яму запрашэньне й прапанавалі сустрэцца на Кастрычніцкай плошчы Менску. У адмысловым пасланьні маладафронтаўцы прапанавалі Лукашэнку зьняць сваю кандыдатуру і папрасіць прабачэньня ў народу за ўсё зло, што той зрабіў за 7 гадоў кіраваньня краінай.
Аднак гэты прэтэндэнт на сустрэчу не прыйшоў, хоць удзельнікі акцыі запэўнілі, што ўлёткамі й памідорамі яны кідацца ня будуць.