Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЕРАДАПОШНІ БОЙ БАЦЬКІ”. РАСЕЙСКІ ЖУРНАЛІСТ ВАДЗІМ БУБНОЎ АНАЛІЗУЕ ПЕРАДВЫБАРЧУЮ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ


Гутарыў Сяргей Навумчык, Прага


(Навумчык: ) “Пачну з цытаты. “Вестка пра выдачу Мілошавіча Гааскаму трыбуналу напаткала мяне менавіта ў Менску, -- піша Вадзім Дубноў. -- ...Нараніцу я сеў у маршрутку, .. кіроўца уключыў радыё, якое паведаміла чарговую сэнсацыю з Гаагі, і вясёла кінуў у салён: можа, і да нашага цяпер чарга дойдзе? Салён у адказ сумна прамовіў: ды як жа, так яны і кінуліся на яго паляваць. Ад варыянту паляваньня народ перайшоў да сцэнару продажы свайго лідэра паводле сэрбскага ўзору. Асаблівага гандлю не атрымалася. Сэрбам грошы, магчыма, і патрэбныя, а мы, зрабіў рэзюмэ кіроўца, можам для НАТО і самі на такую справу ськінуцца… Я выйшаў, а на прыпынку адзін пэнсіянэр з газэтай казаў зь некаторай зласьлівасьцю іншаму пэнсіянэру: а ўсаты наш учора, калі даведаўся, пэўна, спужаўся… Суразмоўца толькі безнадзейна махнуў рукой…”, – так падае менскія размовы журналіст маскоўскага часопісу “Новое время” Вадзім Дубноў.

Гэта была ня першая камандзііроўка журналіста ў Менск, і я пацікавіўся, якія новыя ўражаньні былі ў спадара Вадзіма Дубнова.

(Дубноў: ) “Першае ўражаньне супярэчыць у нечым таму, што адчувалася там раней. Таму што раней гэта была дыктатура ў жанры фарсу. Цяпер, калі я прыехаў, я пабачыў, што рэжым памалу ўзмацняецца. Справа нават ня толькі ў гісторыях з Завадзкім, Захаранкам і Ганчаром, але ў тым, што магчымы брутальны сцэнар. Прычым, гэта ня тая дыктатура, дзе сочаць за ўсімі татальна. Гэта – элітная дыктатура, скажам гэтак. Народ сам асабліва нічога не баіцца, народу ўсё гэта даволі абыякава. Таму татальнага брутальнага сцэнару не праглядаецца, але сцэнары жорсткага падаўленьня эліты – зусім магчымыя. Гэта – першае, і другое – гэта тое, што югаслаўскага варыянту там ня будзе. У Югаславіі спрацавалі тры фактары – моцны партыйны рух, маладзёвы рух “Отпор” з выразнымі вулічнымі акцыямі і праца сацыёлягаў. У Беларусі ж сыстэмнай партыйнай апазыцыі практычна няма, “Зубр” і блізка не нагадвае югаслаўскі аналяг, а што тычыцца працы сацыёлягаў, дык яна мае сэнс толькі пры наяўнасьці дзвух першых фактараў”.

( Навумчык: ) “Мы вернемся да аналізу дзеяньняў апазыцыі, а пакуль – пра тое, як апісвае Вадзім Дубноў у сваім артыкуле становішча, у якім апынуўся Аляксандар Лукашэнка ў кантэксьце ўзаемаадносінаў з Крамлём. Раней – цытую -- “Лукашэнка ў мэтах свайго выжываньня ў Беларусі знайшоў просты інструмэнт: ён стаў гульцом на палітычнай сцэне у Расеі. Пуцін жа зь ягоным рэйтынгам, які ніяк не саступае Лукашэнку, без такога памочніка можа абысціся… На першы плян выйшла тое, што было надзейна схавана пад рытуальным флёрам – рэальны намэнклятурны бізнэс, які ўлічваў асаблівасьці беларускага рэжыму і асобы самога прэзыдэнта. Скажам, зусім ужо далікатныя схемы продажы зброі вядомым трэцім краінам, на якія “Россвооружение” не адважылася, яно давярала менскім саюзьнікам.” – канец цытаты.

Ну, а як ацэньвае маскоўскі публіцыст Вадзім Дубноў меркаваны прыезд расейскага прэзыдэнта ў Віцебск, і ці можна разглядаць яго як чаканую Лукашэнкам падтрымку ягонай кандыдатуры з боку Крамля?”

( Дубноў: ) “Лукашэнка, бясспрэчна, паспрабуе “раскруціць” гэты фактар максымальна, яго прапагандысцкія мэханізмы данясуць да кожнага, што Пуцін прыехаў, Пуцін усё бачыць, і што Пуцін – “падтрымлівае”. У той час як у рэальнасьці, мяркую, усё гэта пераўтворыцца у прыхаваны зьдзек.. ва ўсялякім разе, падтрымкі там ня будзе. І больш таго, я падазраю, што Пуцін зробіць пару дробных выпадаў”.

(Навумчык: ) “Тым ня менш, Вадзім Дубноў даволі скептычна ацэньвае магчымасьць падтрымкі Масквой апазыцыйнага кандыдата”

(Дубноў: ) “Масква апынулася ў тым жа становішчы, што і беларуская эліта. З аднаго боку, магчымасьцяў трываць тое, што адбываецца ўжо няма. Ужо хочацца нечага іншага. Ужо ёсьць разуменьне. Хацелася – заўсёды, а цяпер яшчэ прыйшло і разуменьне, што далей ужо немагчыма. Але з другога боку, усе разумеюць, што Лукашэнка можа выйграць нават “чыста”. І мне адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты даволі шчыра прызнаўся, што ім у крамлёўскай адміністрацыі гэтак і заявілі: “Хлопцы, вы нам усе сымпатычныя, усе пяцёра. І любы з вас, канечне, мог бы зрабіць усё, што трэба… Але, хлопцы, зразумейце, нам мець справу пасьля верасьня ўсё роўна зь ім”.

Аналізуючы паводзіны беларускай апазыцыі, Вадзім Дубноў адзначае, што, цытую, “біяграфіі тых, хто мае “пацягацца з Лукашэнкам, не магчымыя без дыфініцыі “Былы”. Акрамя Чыгіра і Домаша, гэта яшчэ і былы міністар абароны, былы мэр Менску, кіраўнік беларускіх прафсаюзаў, які сваёй дзейнасьцю ў межах “дэмпяцёркі” робіць, здаецца, усё, каб у самы бліжэйшы час таксама быць былым”, – піша Вадзім Дубноў. І далей адзначае, што фактар неадштурхоўваньня кандыдата намэнклятурай – адна з галоўных асаблівасьцяў цяперашніх выбараў.

Я запытаўся ў аўтара артыкула, ці не нагадвае яму гэтая сытуацыя тое, што адбывалася два гады таму ў Расеі, калі дэмакраты ня здолелі вылучыць кандыдата менавіта са свайго, дэмакратычнага, асяродку, аб’яднацца вакол яго – і ў выніку церпяць паразу?”

(Дубноў: ) “Разумееце, усё – так. Але тут ёсьць некаторыя нюнсы. Па-першае, з тых сілаў, якія стварылі аб’яднаную апазыцыю, найбольш рэальнай сілай зьяўляецца БНФ. У параўнаньні і з сацыял-дэмакратычнай грамадой, і тым больш з праваабарончымі арганізацыямі. Але справа ня ў гэтым. Нават Народны Фронт гуляе цяпер у не ўласьцівую яму гульню. Гэта было даволі дзіўна, калі Вінцук Вячорка свае сымпатыі да кандыдатуры Домаша патлумачыў тым, што Домаша не адштурхоўвае намэнклятура. Ідзе нейкая сумесная праца. Яна не навідавоку, яна падпольная, яна гэткая кансультацыйная. Але як БНФ улічвае настроі намэнклятуры, настроі стомленай эліты, так і эліта шукае нейкіх асобаў у адкрытай апазыцыі. І самае галоўнае – не БНФ тут адыгрывае найбольш сур’ёзную ролю. Ціск на кандыдатаў ад “пяцёркі” куды больш адчувальны ад Лявонава”.

(Навумчык: ) “У сваім артыкуле ў часопісе “Новое время” Вадзім Дубноў ў якасьці ілюстрацыі прыводзіць дыялёгі з некаторымі прэтэндэнтамі на пасаду прызыдэна. Цытую:

“Вы пры неабходнасьці здыміце сваю кандыдатуру на карысьць Домаша?” Міхаіл Чыгір робіцца запальлівым: “А чаму гэта сыходзіць павінен я? У мяне рэйтынг, а што ў Домаша?” – “А праймерыз?” – “А хто іх будзе праводзіць? БНФ? Чаму я ім павінен верыць?”

Сямён домаш на тое ж пытаньне адказвае куды больш міралюбіва, аднак наўпроставыя ягоныя палемікі з паплечнікамі-канкурэнтамі праходзяць, як распавядаюць відавочцы, прыблізна гэтак: нам патрэбны адзіны кандыдат? Так, адказваюць канкурэнты. Што, ж ён ёсьць – гэта я. Не жадаеце - віна вашая”.

Маскоўскі журналіст Вадзім Дубноў падкрэсьлівае, што цяперашняя беларуская сытуацыя ня можа параўноўвацца з леташняй югаслаўскай.

(Бубноў: ) “У Югаславіі было лягчэй. У Югаславіі зьявіўся Каштуніца. У Беларусі няма такога масавага непрыяцьця Лукашэнкі, як гэта было ў Югаславіі. Па-другое, магчыма, Домаш і Чыгір даповяцца, і ім гэта давядзецца рабіць, бліжэй да фіналу. Але бліжэй да фіналу – будзе ўжо позна. Калі яны будуць цягнуць да першага туру, дык за два-тры тыдні яны ўжо нічога не пасьпеюць зрабіць”.

(Навумчык: ) “Што будзе ў тым выпадку, калі Лукашэнка не прайграе? – задае пытаньне Вадзім Дубноў? У якой краіне прачнецца 10 верасьня абраны прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка?. Без падтрымкі Крамля і з абмялеўшай “чорнай касай”, бяз колішняй эліты, але з экс-пракурорам, які жыве ў Маскве і вельмі шмат ведае. З ўзьняўшымся за сем гадоў новым пакаленьнем. Яно ўжо зусім не разумее бацькоўскай настальгіі, пры першай магчымасьці зьяжджае на Захад і 9 верасьня, каб засьцерагчыся нечаканасьцяў, будзе банальна сасланае на бульбу. .. Ніякі крызіс не прымусіць Лукашэнку зьмяніцца, і ніводны чалавек на сьвеце ня ведае, якім будзе бацькаў апошні бой. І з тым большым адчаем ён ідзе ў бой перадапошні”, – пііша Вадзім Дубноў у часопісе “Новое Время”.

XS
SM
MD
LG