Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМЯ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА НАЗАВУЦЬ 21 ЛІПЕНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш, Павал Казлоўскі, Сяргей Калякін і Міхаіл Чыгір сёньня раніцай сабраліся за зачыненымі дзьвярыма. Паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, яны павінны былі вызначыцца зь імем адзінага кандыдата ад пяцёркі. Але большасць вырашыла адкласьці гэтае пытаньне, пакуль не пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю. Пяцёрка таксама прыняла адмысловы зварот.

Гаворыць удзельнік сустрэчы генэрал Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Мы падпісалі зварот да нашых грамадзян, у якім зазначылі, што мы дамовіліся: пытаньне аб адзіным кандыдаце будзе разгледжанае пасьля таго, як подпісы будуць здадзеныя на рэгістрацыю 21 -га... І другі пункт гэтага звароту аб тым, што ў сувязі з гэтым рашэньнем мы зьвяртаемся да палітычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў і просім устрымацца ад ня ўзгодненых з намі дзеяньняў па вызначэньні адзінага кандыдата".

Павал Казлоўскі сказаў, што за дзьве гадзіны сустрэчы пытаньне пра тое, хто будзе прэтэндаваць на ролю адзінага кандыдата, нават не падымалі:

(Казлоўскі: ) "Я задаволены вельмі такім сцэнаром, таму што ўсё будзе ісьці добра, нармальна — законычыцца збор подпісаў, а 21-га ў суботу мы сядзем і будзем вырашаць, хто адзіны кандыдат".

Павал Казлоўскі лічыць, што лёсаваньне, якое прапаноўвалі ўчора прадстаўнікі партыяў і рухаў на сустрэчы аргкамітэту руху "За новую Беларусь" у выпадку, калі пяцёрка сама не дамовіцца, не спатрэбіцца. А вось Сяргей Калякін такой цьвёрдай упэўненасьці ня мае.

(Калякін: ) "Рашэньне прынятае, і калі яно прынятае, то тыя, хто яго прымалі, упэўненыя ў тым, што яны будуць рабіць далей — астатняе са сфэры разважаньняў", — сказаў Сяргей Калякін.

Сямён Домаш пра адносіны ў пяцёрцы заявіў наступнае:

(Домаш: ) "Я думаю, што зь сёньняшняга дня яны сталі яшчэ больш адкрытыя. Калі да гэтага былі яшчэ можа якія недамоўленасьці, нехта за некім чагосьці ня ведаў, ня бачыў адзін за адным, то сёньня мы канчаткова вызначыліся, што будзем усё-такі адной камандай і будзем разам на вынік працаваць. А 21-га павінны вызначыцца".

Сямён Домаш упэўнены, што 21 ліпеня імя адзінага кандыдата вызначаць і паведамяць грамадзтву. Сябры пяцёркі спадзяюцца, што гэтае рашэньне падтрымаюць многія грамадзкія арганізацыі й палітычныя партыі.

XS
SM
MD
LG