Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМЯ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА ДАВЕДАЕМСЯ НЕ РАНЕЙ ЗА 20 ЛІПЕНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

А 8-й раніцы сёньня павінны былі сабрацца прадстаўнікі пяцёркі, каб вырашыць, хто ж зь іх будзе адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Аднак сустрэчу перанесьлі на заўтра па просьбе Паўла Казлоўскага, які выехаў у Магілёўскую вобласьць, і Ўладзімера Ганчарыка, які захварэў. Кіраўніца ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова зазначыла, што ніякіх зьменаў у ягонай пазыцыі не адбылося:

(Палевікова: ) "У нас адзіная пазыцыя, мы ўпэўненыя, што трэба ўжо аб'явіць адзінага кандыдата, трэба назваць імя, вакол якога будзе аб'ядноўвацца грамадзтва. Мы заўсёды гаварылі, што найлепш, каб сама пяцёрка гэта зрабіла, але паколькі пяцёрка гэтага не зрабіла, то гэта могуць зрабіць і палітычныя сілы. Я думаю, што кожны зь пяцёркі гатовы ўзначаліць гэты рух, быць нумарам адзін і кожны адрэагуе на гэта добра, у тым ліку і Ўладзімер Іванавіч".

Міхаіл Чыгір так патлумачыў прычыны затрымкі з вызначэньнем адзінага кандыдата:

(Чыгір: ) "Мы павінны былі сабрацца раніцой, але не атрымалася ў некаторых кандыдатаў. Выехаў, напрыклад, Казлоўскі, ён знаходзіцца ў Магілёве сёньня. Ён сказаў, што ў мяне не атрымліваецца ў панядзелак, давайце сустрэнемся ў аўторак. Мы дамовіліся, што сустрэча адбудзецца ва аўторак, і заўтра раніцой сустракаемся. Ёсьць як бы супярэчнасьць у тым пляне, што да 20-га, да заканчэньня збору подпісаў, увогуле нямэтазгодна аб'яўляць адзінага, бо могуць узьнікнуць праблемы са зборам подпісаў і зацьвярджэньнем іх у райвыканкамах і здачы іх у камісіі. Таму калі мы й дамовімся, то ўсё роўна я буду прапаноўваць не называць яго да 20-га, да завяршэньня кампаніі па зборы подпісаў".

Міхаіл Чыгір зазначыў, што ўсе кандыдаты ад пяцёркі будуць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю. За самога Міхаіла Чыгіра ўжо сабралі 104 тысячы подпісаў.

(Чыгір: ) "Мы ж раней дамаўляліся, каб назваць адзінага пасьля рэгістрацыі, цяпер усе сталі казаць, што да рэгістрацыі. А хто ведае — як трэба, як лепей. Я думаю, што тут цяжка адказаць на пытаньне, як лепей. Ёсьць прапановы каб пайсьці на першы тур разьдзельна, каб забраць болей галасоў, а потым выйсьці ў другі тур. Ёсьць шмат прапановаў, і кожная мае плюсы і мінусы, таму будзем усё заўтра абмяркоўваць", — зазначыў Міхаіл Чыгір.

Паводле ягоных словаў, адрозна ад каманды Лукашэнкі, дзе рашэньне прымае адзін, а ўсе астатнія выконваюць, у дэмакратаў усё прымаецца праз абмеркаваньне і кансэнсус.

Сямён Домаш упэўнены, што пытаньне з адзіным кандыдатам будзе вырашанае, і вынік апублікуюць, у залежнасьці ад сытуацыі, раней ці пазьней.

(Домаш: ) "Я лічу, што зараз трэба ісьці на рэгістрацыю , і тады ў працэсе рэгістрацыі глядзець. Раз ужо так здарылася, што мы не змаглі вылучыць, калі трэба было вызначыцца, яшчэ да пачатку кампаніі, калі гэтак не адбылося, то трэба ісьці па сцэнары, які прапаноўвала большасьць прадстаўнікоў пяцёркі: трэба ствараць каманды, зьбіраць подпісы, ісьці на рэгістрацыю. І потым у працэсе рэгістрацыі канкрэтна называць прозьвішча. Хаця вызначэньне паміж намі ўжо можа быць і зараз, але я ня думаю, што мы будзем пра яго цяпер гаварыць. Хутчэй за ўсё, што не", — сказаў Сямён Домаш.

Сяргей Калякін сёньня судзіўся з Паўлам Якубовічам, які зьневажальна выказваўся пра яго ў "Советской Белоруссии". Суд Савецкага раёну палічыў што пазоў Калякіна да Якубовіча мае палітычны характар, і таму ня можа разглядацца ў судзе. Гарадзкі суд Менску адмяніў гэтае рашэньне, так што Сяргей Калякін адзначыў сёньня невялікую перамогу.

Тым часам на парадак дня выходзіць падрыхтоўка назіральнікаў. У Магілёўскай вобласьці гэтая праца наладжаная нармальна, лічыць кіраўнік абласной арганізацыі АГП Валеры Сівуха:

(Сівуха: ) "Я думаю, што дзесьці адсоткаў 90 участкаў будзе ахоплена, у такіх буйных цэнтрах як Магілёў, Бабруйск — там няма сумневу, там будзе поўны кантроль, да апошняга выбарца. І ў іншых раённых цэнтрах нармальна, ну ёсьць нейкія мядзьведжыя вуглы, там будзе цяжка, але адсоткаў на 90 участкі будуць ахопленыя назіраньнем".

Паводле словаў Валер'я Сівухі, на Магілёўшчыне, як і ўвогуле па Беларусі, у назіраньні будуць удзельнічаць прадстаўнікі ўсіх партыяў дэмакратычнага кірунку, грамадзкіх арганізацыяў.


XS
SM
MD
LG