Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ЗРАБІЎ СЭНСАЦЫЙНУЮ ЗАЯВУ ПРА НОВЫЯ ДОКАЗЫ АДКАЗНАСЬЦІ ЎЛАДАЎ ЗА ЗЬНІКНЕНЬНІ ВЯДОМЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Ганна Соусь, Менск


Уладзімер Ганчарык паведаміў, што мае копіі дакумэнтаў, якія даказваюць, што шэраг адказных чыноўнікаў з пракуратуры, Міністэрства ўнутраных справаў ды іншых структураў давалі загады фізычна зьнішчыць Захаранку, Ганчара і Красоўскага.

Сярод дакумэнтаў — запыт генэрала-маёра міліцыі Мікалая Лапаціка на імя міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, які быў зроблены ў лістападзе 2000 году. Рукапісны тэкст пазначаны грыфам "Сакрэтна". У ім, паводле Ўладзімера Ганчарыка, названыя прозьвішчы, тых, хто загадаў расправіцца зь вядомымі палітыкамі, а таксама тых, хто выконваў загады. Уладзімер Ганчарык пакуль адмовіўся назваць імёны гэтых асобаў, а таксама і крыніцы, адкуль ён атрымаў копіі дакумэнтаў.

(Ганчарык: ) "Гэтыя дакумэнты перадалі мне. Я ня ведаю, хто гэта, і ня думаю, што ў інтарэсах тых людзей, якія перадалі... Я думаю, што гэта людзі, якія разумеюць сваю адказнасьць за тыя справы, якія рабілі... робяцца".

Паводле Ўладзімера Ганчарыка, ён мае таксама копіі матэрыялаў шэрагу допытаў, крымінальных экспэртызаў, а таксама выпіскі з кнігі выдачы пісталета для выкананьня сьмяротных прысудаў. Адметна, што тэрміны выдачы зброі, паводле гэтых запісаў, супадаюць з датамі, калі зьніклі Захаранка, Ганчар і Красоўскі.

Пра Зьмітра Завадзкага ў дакумэнтах, копіі якіх мае спадар Ганчарык, гаворка не ідзе. Але ж многія факты супадаць зь нядаўнімі выказваньнямі былых сьледчых Случака й Петрушкевіча, сьцьвярджае Ўладзімер Ганчарык.

(Ганчарык: ) "Гэта пацьверджаньне тых фактаў, якія былі выкарыстаныя і выказаныя супрацоўнікамі пракуратуры".

Уладзімер Ганчарык заявіў таксама пра тое, што прыняў рашэньне зьвярнуцца з гэтай нагоды з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, бо той як кіраўнік дзяржавы мусіць адказваць за бясьпеку грамадзянаў Беларусі.

Уладзімер Ганчарык будзе патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі часовага адхіленьня ад пасады высокіх асобаў, якія згадваюцца ў дакумэнтах, пакуль не правядуць адмысловага расьсьледаваньня. Калі праз пэўны тэрмін Аляксандар Лукашэнка адпаведным чынам не адрэагуе на гэтыя факты, Уладзімер Ганчарык плянуе аддаць копіі ўсіх дакумэнтаў у сродкі масавай інфармацыі.

Уладзімер Ганчарык зрабіў гэтыя заявы прыкладна за гадзіну да пачатку прэсавай канфэрэнцыі міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

Ці атрымаў ён запыт Мікалая Лапаціка напрыканцы 2000 году, і якая была ягоная рэакцыя? На гэтае пытаньне Радыё Свабода Ўладзімер Навумаў адказаў наступным чынам:

(Навумаў: ) "Не, на маё імя такога запыту не было. Генэрал Лапацік да хваробы быў у складзе сьледча-апэратыўнай групы. Ён вельмі сур'ёзна захварэў і доўгі час быў на бальнічным. Цяпер генэрал Лапацік у штатах Міністэрства ўнутраных справаў і, верагодна, ня здолее працягнуць службу непасрэдна ў апэратыўных аддзелах, будзе займацца выкладчыцкай працай".

Дарэчы, Уладзімер Ганчарык сьцьвярджае, што на запыце Мікалая Лапаціка стаіць рэзалюцыя міністра ўнутраных справаў — вярнуць дзеля выкананьня й праверкі.



XS
SM
MD
LG