Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ЖЭСЫ ПРАВОДЗЯЦЬ АПЫТАНЬНЕ НАСЕЛЬНІЦТВА З МЭТАЙ ВЫСЬВЯТЛІЦЬ МЕЖЫ ПАДТРЫМКІ ЛУКАШЭНКІ


Алег Супрунюк, Берасьце


Адпаведны загад быў дадзены намесьнiкам кiраўнiка Берасьцейскага жыльлёвага рамонтна-эксплюатацыйнага ўпраўленьня Ганнай Пановай. Лiсты для апытаньняў, што распаўджаны ў гарадзкiх ЖЭСах, утрымлiваюць некалькi пунктаў. Акрамя бяскрыўдных – наконт полу i ўзросту людзей – у лiсьце ёсьць i iншыя пытаньнi. Так, аўтары анкеты жадаюць ведаць: цi зьбiраецца апытаны грамадзянiн прымаць удзел у выбарах, i цi будзе ён галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. Калi чалавек паведамляе, што ня будзе падтрымлiваць гэтую кандыдатуру, ён павiнен растлумачыць, чаму адмаўляецца галасаваць за Лукашэнку.

Cупрацоўнiкам жыльлёва-эксплюатацыйных службаў таксама паведамiлi, што лiсты для апытаньняў павiнны быць запоўненыя ў вельмi сьцiслы тэрмiн. Адначасова тыя, хто працуе ў ЖЭСах, толькi зараз даведалiся, што спадарыня Панова прадстаўляла iхны калектыў на “Другiм усебеларускiм сходзе” (у якасьцi падарунка яна атрымала за гэта кухоны камбайн i дыван).

Пакуль у домакiраўнiцтвах займаюцца распаўджваньнем гэтых лiстоў, сябраў iнiцыятыўных групаў, што зьбiраюць подпiсы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, пазбаўляюць магчымасьцi трапiць у некаторыя месцы жыхарства выбаршчыкаў. Так, у штабе па збору подпiсаў на карысьць Паўла Казлоўскага паведамiлi, што забарона на зьяўленьне зьбіральнікаў подпiсаў iснуе ў iнтэрнатах Берасьцейскага панчошнага камбiнату i акцыянэрнага таварства "Дываны Брэста".

Нават калi подпiсы сабраныя, чыноўнiкi мясцовай вэртыкалi аказваюць цiск на тых, хто гэтым займаецца. Увечары 5 лiпеня адбыўся iнцыдэнт з сябрам iнiцыятыўнай групы Сямёна Домаша, якi прыйшоў у адмiнiстрацыю Маскоўскага раёну Берасьця, каб засьведчыць падпiсныя лiсты. Замест гэтага кiраўнiк раённай адмiнiстрацыi Мiкалай Басалай запатрабаваў ад сябра iнiцыятыўнай групы, каб той паведамiў, якi заробак атрымлiваюць зьбіральнікі подпiсаў за сваю працу. У абласным штабе Сямёна Домаша гэтыя дзеяньнi берасьцейскага чыноўнiка ўспрымаюць як чарговае сьведчаньне таго, што выканаўчая вэртыкаль сьвядома ўмешваецца ў хаду перадвыбарчай кампанii.
XS
SM
MD
LG