Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕЖЫЯ ЗЬВЕСТКІ САЦЫЁЛЯГАЎ — МАШЭРАВА ВЫХОДЗІЦЬ НА ДРУГОЕ МЕСЦА


Віталь Цыганкоў, Менск

Першая лічба, якую варта прывесьці — амаль 87% людзей ужо сёньня заяўляюць пра свой намер узяць удзел у выбарах. Многія аналітыкі лічаць, што чым больш выбарцаў прыйдуць галасаваць, тым болей шанцаў мае альтэрнатыўны кандыдат. З гэтага пункту гледжаньня лічба 87% павінна абнадзейваць праціўнікаў Лукашэнкі.

Іншая справа, што большасьць апытаных дагэтуль мала ведае канкурэнтаў кіраўніка дзяржавы. 26% лічаць, што Лукашэнку няма вартай замены, а палова рэспандэнтаў сказалі: "Замена ёсьць, але я ня ведаю гэтага чалавека". І толькі 12% апытаных заявілі, што ведаюць чалавека, які можа стаць заменай Лукашэнкі.

Тут варта зазначыць, што апытаньне праводзілася ў пачатку чэрвеня, калі яшчэ не пачаўся збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі кандыдатаў на прэзыдэнта. Натуральна, што зараз пазнавальнасьць альтэрнатыўных палітыкаў было б нашмат большая.

Пакуль жа кардынальных зьменаў у рэйтынгах патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта не адбылося. Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі застаецца прыблізна каля 40%. Ён неістотна мяняецца ў залежнасьці ад пастаўленага пытаньня — будзеце галасаваць ці не, давяраеце альбо не і гэтак далей.

Аднак пэўныя зьмены адбыліся сярод сяброў пяцёркі альтэрнатыўных кандыдатаў. У параўнаньні з красавіком рэйтынгі Міхаіла Чыгіра і Ўладзімера Ганчарыка засталіся на ранейшым узроўні, а ў некаторых аспэктах нават паменшалі.

Аднак даволі істотна вырас рэйтынг Сямёна Домаша. Пры закрытай форме апытаньня (калі рэспандэнтам прапануецца выбраць сярод занесеных у анкету прозьвішчаў) за Домаша цяпер гатовыя галасаваць 12%, у той час як у красавіку было толькі 8%.

Тым часам лідэрам пяцёркі па рэйтынгу застаецца Міхаіл Чыгір, ягоны рэйтынг у параўнаньні з красавіком не зьмяніўся, застаўшыся на ўзроўні 17%. Аднак цяпер па большасьці парамэтраў менавіта Домаш, а не Ўладзімер Ганчарык займае другое месца сярод сяброў пяцёркі.

Іншы прыкметны зрух — гэта працэс кансалідацыі апазыцыйнага электарату. Іншымі словамі, усё больш людзей, якія жадаюць галасаваць за кагосьці з дэмакратычных кандыдатаў, гатовыя аддаць свае галасы і за іншага прадстаўніка пяцёркі.

І нарэшце, апошняя сур’ёзная тэндэнцыя, адзначаная сацыёлягамі, — гэта зьяўленьне Натальлі Машэравай. Ейны чэрвеньскі рэйтынг — 17%, роўны паказчыку Міхаіла Чыгіра. Пры гэтым цікава, што ў Лукашэнкі й Машэравай самыя непрымірымыя электараты, якія не жадаюць галасаваць ні за якіх іншых кандыдатаў.

Безумоўна, прыведзеныя лічбы патрабуюць больш падрабязнага асэнсаваньня, але пакуль можна адзначыць, што электарат Лукашэнкі застаецца дастаткова стабільным, а ў ягоных апанэнтаў рэйтынг расьце, хаця й ня вельмі хутка. Большасьць пратэставага электарату яшчэ ня вызначылася, шукаючы сваю кандыдатуру сярод прапанаваных.
XS
SM
MD
LG