Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗЬБІРАЛЬНІКІ ПОДПІСАЎ ЗАЗНАЮЦЬ МОЦНЫ ЦІСК УЛАДАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Віктар Хоміч, які зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, так і ня змог трапіць у шматпавярховы інтэрнат унівэрсытэту імя Францішка Скарыны ў мікрараёне Валатава. Камэндант і вахцёры спасылаліся на адмысловае распараджэньне рэктарату, які забараніў уваходзіць у інтэрнат. Калі адменяць такі парадак, невядома. У інтэрнат не пусьцілі нават студэнтку, якая зьбірае подпісы за спадара Калякіна.

Мазырскі сябар ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Юрась Чаранкоў паведаміў нашаму радыё пра дэзінфармацыю выбарцаў — людзі адмаўляюцца падпісвацца за іншых прэтэндэнтаў, апроч Лукашэнкі.

(Чаранкоў: ) "Адмаўляюцца падпісвацца, таму што іх на працы прымусілі падпісацца за Лукашэнку і папярэдзілі, што яны маюць права падпісацца толькі за аднаго чалавека", — распавёў Юрась Чаранкоў.

Прынамсі, на такой падставе адмаўлялі зьбіральнікам подпісаў за іншых прэтэндэнтаў рабочыя цеплавых сетак, абслуга гатэлю "Прыпяць".

Апроч таго, у Мазырскім гарвыканкаме ўвялі досыць нязручны час для зацьвярджэньня лістоў з подпісамі выбарцаў — дзьве гадзіны зранку, калі большасьць зьбіральнікаў павінна быць на працы.

У адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля зьбіральнікам подпісаў наогул даводзіцца траціць па 3 гадзіны, каб чыноўнікі паставілі на лістах пячатку. Акурат гэтулькі часу згубілі ўчора ў адміністрацыі зьбіральнікі подпісаў Андрэй Толчын, Кацярына Гаравая і Надзея Шуміліна.

У пасялковым савеце мястэчка Церахоўка Добрускага раёну зьбіральніку подпісаў Мікалаю Лапшыну сакратарка наогул адмовілася зацьвердзіць падпісныя лісты.

Са скаргай у Цэнтарвыбаркам зьвярнуўся член ініцыятыўнай групы спадара Домаша Мікалай Анісавец з Лоеву. Падставай стала цяганіна й сапраўдны допыт зьбіральнікаў подпісаў з боку старшыні Лоеўскага райвыканкаму спадара Мятліцкага.
XS
SM
MD
LG