Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖПАРТЫЙНЫ ЦЭНТАР ДАМАГАЕЦЦА РОСПУСКУ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Міжпартыйны цэнтар, у які ўваходзяць 10 апазыцыйных палітычных партыяў, у сваім мэмарандуме пазначыў 5 пунктаў, паводле якіх тэрытарыяльныя камісіі сфармаваныя незаконна — таму камісіі трэба распусьціць.

Паводле сябраў Міжпартыйнага цэнтру, улады Беларусі парушылі як нацыянальнае заканадаўства, так і міжнародныя пагадненьні. Яны ўсяляк перашкаджалі рэгістрацыі 600 кандыдатаў, вылучаных па сьпісе Міжпартыйнага цэнтру, перасьледавалі і ўжывалі адміністрацыйны ціск да дэмакратычных кандыдатаў, фармавалі выбарчыя камісіі таемна, паводле раней падрыхтаваных сьпісаў і гэтак далей.

На думку сябраў Міжпартыйнага цэнтру, такім чынам улады сфармавалі камісіі зь людзей, якія цалкам залежаць ад выканаўчай улады, якія ўжо маюць досьвед фальсыфікацыяў падчас выбараў у "палату прадстаўнікоў". Такім чынам, прадстаўнікі цэнтру робяць выснову, што ўлады рыхтуюцца да маштабных фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня.

Таму Міжпартыйны цэнтар лічыць, што трэба распусьціць усе тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі — інакш выбары 9 верасьня нельга будзе прызнаць вольнымі й дэмакратычнымі.

Разам з тым, Міжпартыйны цэнтар усьведамляе, што роспуску тэрытарыяльных камісіяў можна дамагчыся толькі калі гэтае патрабаваньне падтрымаюць усе прэтэндэнты на прэзыдэнта, калі будуць акцыі пратэсту грамадзкасьці, а таксама адпаведная рэакцыя з боку ўладаў ЗША, краінаў Эўрапейскага зьвязу й Расеі.

Гаворыць адзін з ініцыятараў гэтага мэмарандуму, каардынатар Міжпартыйнага цэнтру Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Мы разьлічваем на тое, што пойдзе рэакцыя паўсюдна. Найважнейшай ёсьць рэакцыя беларускага грамадзтва. Пасьля астатнія — суседнія зь Беларусьсю краіны, ЗША, эўрапейская супольнасьць, Расея й г.д.

Усё залежыць ад таго, якім чынам будзе пастаўленае беларускімі палітычнымі партыямі, прэтэндэнтамі ў прэзыдэнты гэтае пытаньне, і на якім узроўні. У прынцыпе вырашыць яго можна. Лукашэнка засьведчыў, што ўлады парушылі закон, гэта ўжо факт. І калі гэты факт ня будзе замоўчвацца, гэтую праблему ўсё роўна прыйдзецца вырашаць".

Сёньня тэкст гэтага мэмарандуму накіравалі ўсім прэтэндэнтам на прэзыдэнта (акрамя Аляксандра Лукашэнкі), у замежныя амбасады, палітычным партыям, а таксама сябрам апазыцыйнай беларускай дэлегацыі на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
XS
SM
MD
LG