Учора ў горадзе беларускіх нафтахімікаў ладзіўся практычны сэмінар па пытаньнях правядзеньня выбарчай мабілізацыйнай кампаніі. На ім прысутнічалі ня толькі актывісты дэмакратычных арганізацыяў Полаччыны, але й іхныя калегі з Глыбокага, Паставаў, Дрысы ды шэрагу іншых рэгіёнаў. Кіраваў сэмінарам непасрэдна старшыня БНФ Вінцук Вячорка.
Лідэр нацыянальнага дэмакратычнага руху пачуў ад удзельнікаў сэмінару пытаньне, якое даўно ўжо сьпела на вуснах многіх шараговых сябраў Фронту. А менавіта: ці не памылілася кіраўніцтва БНФ, падтрымаўшы падчас выбарчай кампаніі спадара Домаша? Некаторыя актыўныя ўдзельнікі перадвыбарчай кампаніі, у прыватнасьці, выказалі непаразуменьне з нагоды "інтэграцыйнага" выступу згаданага палітыка ў праграме "Времена", а таксама выказалі пратэст з нагоды ягоных абразьлівых заяваў на адрас Зянона Пазьняка.
Адказваючы на гэтыя закіды, лідэр БНФ заявіў, што спадар Домаш не зьяўляецца вылучэнцам Фронту. Палітычная сытуацыя ў краіне такая, што нацыянальным дэмакратычным сілам нямэтазгодна вылучаць уласнага кандыдата, а таму пастанавілі падтрымаць на этапе збору подпісаў Сямёна Домаша — палітыка, які цягам апошняга дзесяцігодзьдзя засьведчыў сваю беларускасьць і адданасьць справе незалежнасьці й дэмакратыі.
Камэнтуючы выказваньні лідэра "Рэгіянальнай Беларусі" ў праграме "Времена", Вінцук Вячорка заўважыў, што тут мы маем справу зь вялікай палітыкай — прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду відавочна хацеў спадабацца маскоўскім палітыкам, і менавіта з гэтых пазыцыяў і варта ўспрымаць ягоныя заявы. Ну а што тычыцца выказваньняў прэтэндэнта на адрас Зянона Пазьняка, дык, па словах Вінцука Вячоркі, ён асабіста таксама не ўхваляе падобнай рыторыкі.
Словы лідэра БНФ прагучалі даволі пераканаўча, і, тым ня менш, падчас кулюарных размоваў некаторыя зьбіральнікі подпісаў на карысьць спадара Домаша заявілі, што калі той і надалей будзе рупіцца, каб спадабацца маскоўскім палітыкам, калі надалей будзе абразьліва выказвацца на адрас людзей, якія ўсім сваім жыцьцём засьведчылі адданасьць Бацькаўшчыне, ён можа не далічыцца многіх, ужо сабраных за яго, подпісаў.