Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЯРАШУК ВЫКАЗАЎ ЖАДАНЬНЕ ДАЛУЧЫЦЦА ДА ПЯЦЁРКІ ПАТЭНЦЫЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗЫДЭНТЫ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск


Лідэр прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук, чыя ініцыятыўная група ўжо зьбірае подпісы для вылучэньня яго кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, сёньня заявіў, што ён жадае працаваць у фармаце ўсіх прынцыпаў пяцёркі. Ён таксама гатовы прыняць для сябе мэханізм вызначэньня адзінага кандыдата, які зараз рыхтуе пяцёрка сумесна з грамадзкім рухам "За новую Беларусь".

На пытаньне, што падштурхнула яго на такі крок, Аляксандар Ярашук адказаў:

(Ярашук: ) "Перш за ўсё тая акалічнасьць, што, не аб’яднаўшыся, усёй дэмакратычнай плыні ў працэсе прэзыдэнцкай кампаніі немагчыма вырашыць галоўнай задачы. А галоўнай задачай, як вядома, зьяўляецца зьмена ўлады".

Аляксандар Ярашук дадаў, што на ягонае рашэньне значна паўплывала й стварэньне грамадзкага руху "За новую Беларусь" на чале з Васілём Лявонавым. Менавіта гэты рух, па словах спадара Ярашука, здольны прыняць самыя правільныя рашэньні дзеля таго, каб урэшце выйсьці на адзінага кандыдата.

А як паставіліся да ініцыятывы Аляксандра Ярашука сябры пяцёркі? Сямён Домаш адразу папярэдзіў, што гэтае пытаньне пяцёрка яшчэ не абмяркоўвала, таму ён выказвае сваю асабістую думку.

(Домаш: ) "Я зьяўляюся прыхільнікам як мага больш шырокай кааліцыі, і калі магчымыя кандыдаты будуць рабіць прапанову далучыцца да нашай агульнай дзейнасьці й падзяляюць нашыя погляды на будучыню Беларусі, я думаю, што гэта станоўчы момант".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Домаш, Аляксандар Ярашук кажа, што пяцёрка можа перайсьці на формулу 5+1, 5+2 і гэтак далей. Што Вы думаеце на гэты конт?"

(Домаш: ) "Я думаю, што гэта ня выключана. Магчыма і такое, магчыма поўнасьцю. У хуткім часе мы тут зьбярэмся, і калі мае партнэры па пяцёрцы яшчэ ня ведаюць гэтага, я раскажу ім пра тое, пра што Вы ў мяне пытаецеся. Колькі б там ні было вакол пяцёркі (5+1, 5+3 ці 5+10), але канчатковым вынікам каардынацыі нашай дзейнасьці павінна быць вылучэньне з нашай кааліцыі толькі адзінага кандыдата, які пойдзе ўжо на выбары".
XS
SM
MD
LG