Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ ПРАВЁЎ АКЦЫЮ Ў ПАДТРЫМКУ КАНДЫДАТА, ПРЫ ЯКІМ НЯ БУДУЦЬ ЗЬНІКАЦЬ ЛЮДЗІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня раніцай каля 10 маладафронтаўцаў у аранжавых футболках з надпісам "Выбірай" і датай правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, 9 верасьня, прыйшлі да будынку пракуратуры Савецкага раёну Менску.

Яны трымалі асобнікі спэцыяльнага выпуску газэты "Рабочы" з інфармацыяй пра 22 прэтэндэнтаў на прэзыдэнта, а таксама з фрагмэнтамі вядомага інтэрвію былых сьледчых пракуратуры Случака й Петрушкевіча.

Акрамя газэты, маладыя апазыцыянэры прапаноўвалі мінакам паставіць аўтограф у падпісным лісьце, дзе было пазначана "Ініцыятыўная група №23 — подпісы выбарцаў у падтрымку асобы, прапанавай для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі. Кандыдат, пры якім не зьнікаюць людзі".

Гаворыць арганізатар сёньняшняй акцыі, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "У такі дзень — 26-га, Дзень работнікаў пракуратуры, асабліва важна, што думаюць работнікі пракуратуры. Але супрацоўнікі пракуратуры Случак і Петрушкевіч зьехалі зь Беларусі, таму што іхнаму жыцьцю пагражала рэальная небясьпека. З-за той інфармацыі, якую яны ведаюць, з-за таго, што ў Беларусі зьнікаюць людзі, і зараз ніводны супрацоўнік пракуратуры ня можа пачувацца ўпэўнена й спакойна.

Таму мы зьбіраем подпісы сярод іх і дзеля таго, каб нагадаць ім пра гэта, і дзеля таго, каб выпрабаваць гэтых людзей. Яны павінны стаяць на абароне закону. Адначасова мы будзем агітаваць маладых людзей і работнікаў пракуратуры ўзяць удзел у гэтых выбарах".

Мінакі даволі актыўна цікавіліся, за якога кандыдата моладзь зьбірае подпісы, бралі газэты й падпісваліся за "кандыдата, пры якім ня будуць зьнікаць людзі".

Пасьля маладафронтаўцы зайшлі ў будынак пракуратуры Савецкага раёну. І вось якая ў іх адбылася размова з пракурорскімі работнікамі:

(Удзельнік акцыі: ) "Мы хочам павіншаваць вас з Днём пракурорскага работніка і хочам прапанаваць вам падпісацца за кандыдата, пры якім ня будуць зьнікаць людзі. Бачыце, у нас безьліч кандыдатаў".

(Супрацоўнік пракуратуры: ) "Я яшчэ пакуль ня вырашыў".

(Удзельнік акцыі: ) "Гэта сацыялягічнае апытаньне, гэта не за нейкага пэўнага кандыдата, гэта проста за ідэю — каб не зьнікалі людзі ў Беларусі".

(Супрацоўнік пракуратуры: ) "Я нічога не хачу, я нічога не вырашаю".

(Удзельнік акцыі: ) "Ну добра, але вы падтрымліваеце гэтую ідэю?"

(Супрацоўнік пракуратуры: ) "Можа быць".

(Удзельнік акцыі: ) "Ці хочаце вы, каб у нас не зьнікалі людзі пры наступным прэзыдэнце?"

(Іншы супрацоўнік пракуратуры: ) "Я ўстрымаюся ад камэнтара пакуль што. Я на працоўным месцы. Можа быць, у іншым месцы я вам калі-небудзь што-небудзь скажу".

Збор подпісаў праводзілі й каля іншых раённых пракуратураў Менску. Паводле Паўла Севярынца, усе сабраныя подпісы перададуць генпракурору Віктару Шэйману.
XS
SM
MD
LG