Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ УВАЖАЕ, ШТО ЛІДЗІЯ ЯРМОШЫНА ПАРУШЫЛА АРТЫКУЛ 50 ДЗЕЙНАЙ КАНСТЫТУЦЫІ


Валянціна Аксак, Менск


Так лічыць кіраўніцтва Таварыства беларускае мовы, пра што ягоны старшыня Алег Трусаў сёньня пісьмова паінфармаваў спадарыню Ярмошыну.

Першымі на парушэньні моўнага заканадаўства ў ходзе перадвыбарчае кампаніі зьвярнулі ўвагу ўладаў прадстаўнікі ініцыятыўнае групы Зянона Пазьняка.

У адказ на намеры сябраў групы Пазьняка праз суд і пракуратуру дамагацца, каб Цэнтральная выбарчая камісія выдала ім пасьведчаньні ды падпісныя лісты на беларускай мове, спадарыня Ярмошына заявіла, што ЦВК ужо зацьвердзіла тэксты гэтых дакумэнтаў на расейскай мове. Аднак, маўляў, жадаючыя могуць запаўняць зьвесткі пра кандыдатаў ды выбарцаў у падпісных лістах і па-беларуску.

Сябры ініцыятыўнае групы Зянона Пазьняка не згадзіліся з прапанаваным варыянтам двухмоўных падпісных лістоў ды дамагліся надрукаваньня беларускамоўных перадвыбарчых дакумэнтаў.

Праўда, як паведаміў нам адзін з кіраўнікоў групы Юрась Беленькі, Цэнтарвыбаркам выдрукаваў толькі 5 000 беларускамоўных падпісных лістоў. Якіх, натуральна, ня хопіць, і яны змушаныя будуць скарыстоўваць і атрыманыя раней расейскамоўныя. Такога ў перадвыбарчых кампаніях не было нават за савецкім часам, — зазначыў спадар Беленькі.

(Беленькі: ) "Усё, што было зьвязана з выбарчымі кампаніямі, нават за савецкім часам друкавалася толькі па-беларуску. Зьнешнюю канву бальшавікі вытрымлівалі так — каб паказаць, што гэта ўсё ж дзяржава, а тут як бы і зьнешнюю канву гэтую парушылі", — сказаў Юрась Беленькі.

Ён актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі 1994 году і прыгадаў, што тады нават пытаньня такога не ўзьнікала. Усе дакумэнты сябрам ініцыятыўных групаў усіх без выключэньня кандыдатаў выдалі на беларускай мове. Цяпер такое зрабілі дзеля адной групы пасьля ейных настойлівых дамаганьняў. На маё пытаньне, чаму астатнім групам выдалі дакумэнты па-расейску, кіраўнік інфармацыйнае службы Цэнтарвыбаркаму Валеры Юрэвіч адказаў наступнае:

(Юрэвіч: ) "Ніхто не зьвярнуўся. Зянон Станіслававіч такі запыт даў, ягоны запыт быў задаволены".

Таварыства беларускае мовы ў накіраваным на імя старшыні ЦВК спадарыні Ярмошынай лісьце нагадвае ёй, што такая сытуацыя ёсьць парушэньнем артыкулу 50 дзейнай Канстытуцыі ды падпадае пад адміністрацыйную адказнасьць згодна артыкулу 172-2 Адміністрацыйнага кодэксу.

ТБМ настойліва прапануе спадарыні Ярмошынай выправіць свае памылкі ды тэрмінова надрукаваць усю неабходную перадвыбарчую дакумэнтацыю на дзяржаўнай беларускай мове.
XS
SM
MD
LG