Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУПАЎ ЗАДАВОЛЕНАЯ ПЕРШЫМ ДНЁМ ЗБОРУ ПОДПІСАЎ


Ігар Карней, Менск

У перадвыбарчым штабе Паўла Казлоўскага адмовіліся камэнтаваць першыя вынікі збору подпісаў, спаслаўшыся на занятасьць. Адзін з актывістаў паведаміў толькі наступнае:

(Зьбіральнік подпісаў: ) "На сёньняшні момант нешта рана казаць, не зразумела пакуль нічога. У штабе нікога няма; усе ў разьездах, усе працуюць. Тэлефануйце 23-га".

Больш грунтоўным быў кіраўнік штабу Сяргея Калякіна Валеры Ўхналёў. Пакуль ён задаволены працай сваіх аднапартыйцаў.

(Ухналёў: ) "Пакуль дакладнай інфармацыі — як рэагуюць людзі, якая актыўнасьць — вельмі мала. Але мне тэлефанавалі зь Берасьця, Бабруйску — эксцэсаў няма. Адзін з нашых паведаміў, што за 40 хвілінаў сабраў 10 подпісаў. Але мы адчуваем, што праблемы будуць. Ёсьць зьвесткі, што зьбіральнікаў запужваюць, не пускаюць у кватэры, але гэтыя зьвесткі патрабуюць праверкі, бо пакуль яны на ўзроўні размоваў".

Пра пэўныя вынікі паведамілі і ў штабе Леаніда Сініцына. Вось што кажа намесьнік кіраўніка ініцыятыўнай групы Юры Васкрасенскі:

(Васкрасенскі: ) "А 10-й мы выпусьцілі першую партыю валанцёраў. За чатыры гадзіны ўжо сабралі каля 1700 подпісаў. Другая зьмена стартуе а 17-й, а гэта асноўны касьцяк нашай групы. Людзі ахвотна адчыняюць дзьверы кватэраў, распытваюць пра кандыдата, пытаюцца, ці можна ставіць подпісы за іншых кандыдатаў. Мы тлумачым, што так, Выбарчы кодэкс дазваляе ставіць подпісы за ўсіх 22-х кандыдатаў, нягледзячы ні на якія тлумачэньні Цэнтарвыбаркаму".

Затое з самай раніцы маўчаць тэлефоны ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. Толькі бліжэй да вечара сакратарка адказала, што ўсе на чале з кіраўніком групы Мікалаем Чаргінцом займаюцца справай, і акрамя яго ніхто ніякіх камэнтароў даваць ня будзе. Цікава, што яшчэ раней, калі карэспандэнт Радыё Свабода пацікавіўся ў Мікалая Чаргінца пра пэрсанальны склад групы падтрымкі Лукашэнкі, той даў зусім нечаканы адказ: "Мая справа — толькі падаць адпаведныя сьпісы ў выбаркам".



XS
SM
MD
LG