Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯМЁН ДОМАШ ПРАПАНАВАЎ УСІМ КАНДЫДАТАМ ПАДПІСАЦЬ АГУЛЬНУЮ ЗАЯВУ СУПРАЦЬ ВЫБАРЧЫХ ПАРУШЭНЬНЯЎ


Віталь Цыганкоў, Менск


Першым з патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта на парушэньні падчас фармаваньня выбарчых камісіяў адрэагаваў Сямён Домаш. Ягоная ініцыятыўная група прыняла адмысловую заяву для СМІ. Зьмест гэтай заявы у нашым эфіры агучыў сам Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Мы за ўсім гэтым бачым тое, што плянуецца правядзеньне скаардынаваных дзеяньняў выканаўчай улады на недапушчэньне грамадзкага кантролю за працай выбарчых камісіяў. Падобны падыход не адпавядае прынцыпам дэмакратычнага фармаваньня выбарчых камісіяў і ставіць пад сумненьне аб’ектыўнасьць, публічнасьць і справядлівасьць іхнай дзейнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Што трэба і што варта зрабіць у такой сытуацыі?"

(Домаш: ) "Наконт тэрытарыяльных камісіяў — зараз застаецца толькі выказваць наша абурэньне і пратэст. Але мы лічым, што яшчэ ёсьць шанец паправіць сытуацыю пры фармаваньні ўчастковых камісіяў. Мы зьвяртаемся з патрабаваньнем да ЦВК, да кіраўніцтва мясцовых выканаўчых камітэтаў, каб яны выконвалі беларускае заканадаўства.

Я думаю, што да гэтай заявы павінны далучыцца ініцыятыўныя групы іншых патэнцыйных кандыдатаў, каб мы стварылі шырокі грамадзкі пратэст супраць таго, што зараз робіцца".

Іншы патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык паведаміў, што ён безумоўна гатовы падпісаць сумесную заяву многіх кандыдатаў супраць парушэньняў падчас фармаваньня выбарчых камісіяў. Ганчарык гэтак ацэньвае нежаданьне ўладаў дапусьціць незалежных асобаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі:

(Ганчарык: ) "Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ўлада ня хоча правесьці свабодныя і справядлівыя выбары. Па-іншаму гэта нельга ацаніць".

(Карэспандэнт: ) "Што зараз яшчэ можна зрабіць?"

(Ганчарык: ) "Напэўна, нам трэба зрабіць заяву на гэты конт і трэба, каб ціск быў з боку міжнародных арганізацыяў. А іншае — што можна прыдумаць? Калі ўжо даецца сыгнал, што выбары будуць "дрэнныя", адпаведна трэба рэагаваць".

Разам з тым Уладзімер Ганчарык лічыць, што паводзіны намэнклятуры, якая ўвайшла ў выбарчыя камісіі, ня будуць адназначныя.

(Ганчарык: ) "Мы ведаем настрой многіх. Калі толькі яны не спалохаюцца, яны не павінны выконваць рэкамэндацыі, што дае вэртыкаль".

Дарэчы, Ганчарык паведаміў, што некаторыя кандыдаты ад ФПБ патрапілі ў тэрытарыяльныя камісіі, аднак старшыня Фэдэрацыі не пажадаў казаць пра гэта больш падрабязна.

Уладзімер Ганчарык, нагадаю, гаварыў пра неабходнасьць ціску міжнародных структураў на беларускія ўлады. Я запытаўся ў кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску спадара Віка, ці гатовы ён пракамэнтаваць той факт, што амаль ніхто з прадстаўнікоў альтэрнатыўных сілаў не патрапіў у выбарчыя камісіі.

(Вік: ) "Мы павінны вывучыць сытуацыю больш уважліва, перш чым рабіць публічную заяву. Гэта справа тых арганізацыяў, якія рабілі заяўкі й не атрымалі станоўчага адказу. Каб зрабіць публічную заяву, мы дасьледуем сытуацыю і паведамляем пра гэта ў краіны АБСЭ. Але я не зраблю ніякай заявы, пакуль ня буду мець сур'ёзнага аналізу".

(Карэспандэнт: ) "Але некаторыя мяркуюць, што праз тры дні ўжо будзе позна неяк уплываць на сытуацыю".

(Вік: ) "Мы ня можам зьмяніць нічога, мы ня маем уладных паўнамоўцтваў у гэтай краіне".

(Карэспандэнт: ) "Я разумею, я маю на ўвазе нейкія рэкамэндацыі, парады".

(Вік: ) "Але мы даем гэтыя парады ўвесь час. Мы даем парады, і гэта было жаданьне ўсіх камісіяў, якія наведвалі Беларусь у межах тройкі. Так што гэта павінна быць зразумела беларускаму ўраду, што фармаваньне камісіяў — гэта быў ключавы кампанэнт у далейшай ацэнцы выбараў".
XS
SM
MD
LG