Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАЮ ВЫБАРЧУЮ КАМПАНІЮ ПАЧАЛІ ВІКТАР ЦЯРЭШЧАНКА І СЯРГЕЙ ГАЙДУКЕВІЧ


Валер Каліноўскі, Менск

Два патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта ўжо зрабілі першы крок да ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Віктар Цярэшчанка мінулай суботай падаў заяву пра рэгістрацыю сваёй шасьцітысячнай ініцыятыўнай групы збору подпісаў.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч сьпісы больш як 2000 сваіх зборшчыкаў подпісаў прадставіў у Цэнтарвыбаркам сёньня.

У ЦВК разьлічваюць, што асноўны наплыў ініцыятыўных групаў будзе ў аўторак–сераду. Тады ж, відаць, падасьць заяўку на рэгістрацыю сваёй групы і Аляксандар Лукашэнка. Гаворыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) "Так, створаная група і ў Аляксандра Рыгоравіча, чакаецца, што сёньня–заўтра будзе прадстаўленая заява аб рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы".

Мікалай Лазавік сьцьвярджае, што ЦВК будзе нэўтральны да ўсіх кандыдатаў на прэзыдэнта.

Павал Казлоўскі, а таксама лідэр ПКБ Сяргей Калякін зьбіраюцца падаваць заяўкі ў аўторак. У групе Паўла Казлоўскага 1500 чалавек, ёй кіруе Міхаіл Волчак. Ініцыятыўнай групай Сяргея Калякіна кіруе Валеры Ўхналёў, у ёй каля 2000 чалавек.

На нядзельнай сустрэчы сябраў ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра абралі кіраўнікоў ініцыятыўнай групы і перадвыбарчага штабу.

Кіраваць штабам спадара Чыгіра будзе Тацяна Ваніна:

(Ваніна: ) "Мы маем вопыт 1999 году, шмат людзей, якія працавалі з намі тады, — яны сёньня ў нашай камандзе. Улічваючы тое, што тады, пры тых умовах, калі нас рабілі фактычна здраднікамі, ледзь не ў дзяржаўным перавароце абвінавачвалі, мы здолелі сабраць 140 тысячаў подпісаў, то сёлета я абсалютна перакананая, што мы гэтыя лічбы набярэм".

Тацяна Ваніна сьцьвярджае, што ў ініцыятыўнай групе М.Чыгіра гатовыя шчыльна супрацоўнічаць і з групамі іншых кандыдатаў зь "пяцёркі", дзяліцца інфармацыяй. Ня выключаныя нават сумесны збор подпісаў сябрамі некалькіх ініцыятыўных групаў.

(Ваніна: ) "У нас адзін канкурэнт, якога мы павінны пераадолець. Калі мы будзем пяцярнёй біць у адну кропку, то я думаю, тады мы звалім гэты рэжым", — зазначыла Тацяна Ваніна.

Прыкладам сумеснай прапагандысцкай працы "пяцёркі" апазыцыйных кандыдатаў быў іхны выступ у мінулую нядзелю ў праграме Ўладзімера Познера "Времена" на ОРТ. Адзін з удзельнікаў перадачы Сямён Домаш так расцаніў выступы прадстаўнікоў "пяцёркі" ў эфіры расейскага тэлебачаньня:

(Домаш: ) "Гэта вынікі папярэдніх нашых паездак, пра якія ўвесь час гаварыў наш "бацька", што мы ні да чаго там не дамовіліся ні з кім. Мы спадзяемся, што гэта вельмі такі сур’ёзны сыгнал, таму што расейскія СМІ, расейскае тэлебачаньне пачынаюць праяўляць цікавасьць да падзеяў у Беларусі", — зазначыў Сямён Домаш.

Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Яўген Лабановіч паведаміў, што заяву на рэгістрацыю групы яны падаюць заўтра. У групе больш як 3000 чалавек.
XS
SM
MD
LG