Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖА ДОСЬВЕД ВЫБАРАЎ 1994 ГОДУ ДАПАМАГЧЫ СЁНЬНЯ?


Віталь Цыганкоў, Менск


Кіраўнік выбарчай кампаніі Станіслава Шушкевіча ў 1994 годзе Алег Трусаў згадвае, што група падтрымкі кандыдата складала каля 1500 чалавек. Нагадаю, што для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты тады, як і цяпер, трэба было сабраць ня менш як 100 тысячаў подпісаў. Ініцыятыўная група Шушкевіча сабрала ў 1994-м 136 тысячаў подпісаў выбарнікаў. Гаворыць Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Аднак колькасьць сабраных подпісаў аказалася вельмі непрапарцыйнай. Палова групы сабрала менш як 100 подпісаў, а некаторыя асобы сабралі па 1000 подпісаў і болей. Гэта гаворыць пра тое, што ў групу трэба набіраць тых, хто ўмее кантактаваць зь людзьмі, хто зьяўляецца нефармальным лідэрам у сваім доме, мікрараёне, вёсцы, а ня проста адданым ці сумленным.

Другое — трэба вельмі сумленна ставіцца да збору подпісаў, ня гнацца за колькасьцю. Мы, напрыклад, аказаліся самыя "чыстыя" — у нас менш за ўсё забракавалі подпісаў. Бо мы самі тройчы праглядалі лісты й любыя падазроныя не здавалі, выкідалі іх. Ня трэба імкнуцца ў адзін ліст запісаць шмат людзей, больш пяці чалавек".

Паводле Трусава, гэта тыя элемэнтарныя правілы, якія варта выконваць. Зрэшты, відавочна, што гэтая кампанія істотна будзе адрозьнівацца ад выбараў 1994 году, калі ўлада не была настолькі аўтарытарнай.

А вось што кажа пра магчымыя небясьпекі дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк, актывіст ініцыятыўнай групы кандыдата Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе.

(Нісьцюк: ) "У склад ініцыятыўных групаў не павінны трапіць выпадковыя людзі, а яшчэ горш — правакатары. Калі чалавек, які ўвайшоў у групу, на нейкім этапе адмаўляецца ад свайго ўдзелу, гаворыць, што ён не хацеў быць удзельнікам групы, а яго прымусілі, і гэтак далей — то ўсю ініцыятыўную групу не рэгіструюць, таму не пачынаецца збор подпісаў, і кандыдат патэнцыйны завісае ў паветры.

А другое — шмат можа быць з боку ўлады неабгрунтаваных патрабаваньняў да самых сьпісаў. У Выбарчым кодэксе даецца пералік усіх тых зьвестак, якія павінны быць у сьпісе ініцыятыўных групаў, але патрабаваньні да таго, як гэтыя зьвесткі павінны быць запісаныя, нідзе не сфармуляваныя".

Сам Нісьцюк падчас першай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі сабраў каля 2 000 подпісаў, што, паводле ягоных словаў, было рэкордам. Разам з тым Нісьцюк прызнае, што ўлада актыўна не працавала супраць кандыдата Лукашэнкі, таму ніякія правакатары ў ініцыятыўную групу не ўкараняліся.

І яшчэ адзін істотны аспэкт. У 1994 годзе ініцыятыўныя групы асноўных кандыдатаў, што супрацьстаялі ўладзе (Лукашэнкі, Пазьняка, Шушкевіча) працавалі падчас прэзыдэнцкай кампаніі цалкам бясплатна — тады ў грамадзтве быў вялікі палітычны энтузіязм. Гаворыць Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Наша каманда, напрыклад, была цалкам неаплачваемая. Іншая справа, што тым зборшчыкам, хто сабраў звыш тысячы подпісаў, мы ўручылі каштоўныя падарункі і энцыкляпэдыю "Археалёгія і нумізматыка Беларусі" з подпісам Шушкевіча. Для іх гэта было нечакана, яны гэтага ня ведалі, і таму не імкнуліся "гнаць вал". Я лічу, што на гэтым этапе зборшчыкі подпісаў не павінны аплачвацца".

Паводле Трусава, каманда аднаго з кандыдатаў аплачвалася, і някепска. У выніку гэты прэтэндэнт меў найбольш забракаваных подпісаў, і кандыдата не зарэгістравалі. Зрэшты, цяпер большасьць назіральнікаў мяркуе, што амаль нікому з сур'ёзных кандыдатаў ня ўдасца абысьціся без матэрыяльнага заахвочваньня сваіх камандаў.
XS
SM
MD
LG