Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІН З КАМІТЭТАЎ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ НАТО ЗАСЛУХАЎ СЁНЬНЯ ДАКЛАД ПРАДСТАЎНІКА БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Вільня



Магчымасьць выступіць таксама атрымалі іншыя прадстаўнікі Беларусі – Валянціна Палевікова і Вячаслаў Багданкевіч. Нагадаю, што Беларусь у 1996 годзе пасьля так званага рэфэрэндуму была пазбаўленая статусу асацыяванага сябра ПА НАТО. Так што беларускія палітыкі ўдзельнічаюць у сэсіі ў якасьці запрошаных назіральнікаў. Адкрываючы выступ спадар Фядуты старшыня камітэту спадар Артур Пэш нагадаў, што становішча ў беларусі закраналася на мінулай сэсіі ПА НАТО. У выніку таго абмеркаваньня Беларусь наведала дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі, якая падрыхтавала адпаведны даклад пра сытуацыю ў краіне.

Пра сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі гаварыў у сваім выступе А.Фядута. Асноўныя ідэі яго прамовы можна выказаць наступным чынам: перамагчы Лукашэнку можна, бо беларускае грамадзтва жадае пераменаў. Аднак Захад павінен больш актыўна ўзьдзейнічаць на Расею, бо ключы да разьвязаньня беларускай праблемы ляжаць у асноўным у Крамлі. Пасьля завяршэньня дыскусіі Аляксандар Фядута гэтак ацаніў яе ў інтэрвію для Радыё Свабода:

(Фядута: ) “У тых пытаньнях, якія былі пастаўленыя, у першую чаргу ад немцаў, румынаў, адчувалася, што яны ўжо разумеюць, што так проста перамагчы Аляксандар Лукашэнку немагчыма – гэта вельмі складаны працэс. Я лічу, што яны ўжо разумеюць, што адзін Захад гэтую праблему без Расеі ня вырашыць. Я спадзяюся, як я сёньня казаў, што гэта дапаможа заходнім парлямэнтарам зразумець сытуацыю. Час яшчэ ёсьць і, на мой погляд, ёсьць пэўная надзея на тое, што Расея не падтрымае Лукашэнку”.

Адказваючы на пытаньне галяндзкага парлямэнтара, чаму Лукашэнка мае даволі высокі рэйтынг, Аляксандар Фядута сказаў, што беларусы зараз у сытуацыі людзей, якія стаяць перад вітрынай, але там ёсьць толькі адзін тавар. Калі б каму-небудзь з альтэрнатыўных кандыдатаў далі б гэтулькі часу на БТ, як і Лукашэнку, апазыцыйны кандыдат меў бы рэйтынг большы за Лукашэнку, лічыць Фядута.

Пытаньні да Аляксандра Фядуты і кароткія выступы ўдзельнікаў дыскусіі працягваліся да абедзеннага перапынку. Вось уражаньні ад дыскусіі старшыні партыі жанчын “Надзея” Валянціны Палевіковай.

(Палевікова: ) “Я сёньня слухала і іншыя пытаньні, якія былі вынесеныя, але мне задецца, што пытаньне Беларусі слухалася вельмі ўважліва і вельмі заінтрыгавала ўсіх. Будучыня нашай краіны ў цэнтры Эўропы ўсіх хвалюе”.

А вось уражаньне пасьля дыскусіі дэпутаткі нямецкага бундэстагу спадарыні Юты Цапф, якая прадстаўляе сацыял-дэмакратычную партыю. Яна шмат разоў бывала ў Беларусі, ведае сытуацыю ў краіне і цяпер выступала падчас дыскусіі:

(Цапф: ) “Я думаю, гэта была вельмі карысная дыскусія, хаця былі закранутыя далёка ня ўсе аспэкты беларускай сытуацыі. Было вельмі важна падкрэсьліць, што дэмакратыя робіць немагчымым абмежаваньне свабоды прэсы. Таксама было вельмі важным для нас, для нашай палітыкі, што мы хочам, каб апазыцыі быў дадзены доступ да мэдыяў. Таксама мы пацьвердзілі, што назіраньне за выбарамі, як зьнешняе, так і ўнутранае, вельмі важная рэч. Мы лічым, што ўнутраныя назіральнікі, якія праходзяць навучаньне зараз, павінны мець доступ да ўсіх выбарчых участкаў, і я думаю важна, што да іх далучыцца вялікая кольскасьць міжнародных назіральнікаў”.

Тым часам на Парлямэнцкай асамблеі адбываюцца падзеі, якія можна назваць даволі нечаканымі. Сябар літоўскай дэлегацыі прапанавала дапоўніць праект рэзалюцыі абзацам, у якім пацьвярджаецца права кожнай дэмакратычнай краіны Эўропы дамагацца сяброўсвта ў НАТО, і на гэтае права ня можа накласьці вэта аніякая трэцяя краіна. Літоўцы наагул вельмі актыўна паводзяць сябе на сэсіі, выступаючы, фактычна, у кожным камітэце. Адзін з амэрыканскіх кангрэсмэнаў, рэспубліканец Джон Шымкус паведаміў, што будзе імкнуца, каб Палата прадстаўнікоў прыняла рэзалюцыю, якая заклікае прыняць краіны Балтыі ў НАТО. Ён паведаміў, што ўжо за гэтую рэзалюцыю падпісалася 29 амэрыканскіх парлямэнтароў.

Заўтра на сэсіі выходны, а дэлегаты паедуць на экскурсіі па Літве, а выніковыя дакумэнты будуць прымацца ў чацьвер.
XS
SM
MD
LG