Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ПАЛІТЫКІ Ў МАСКВЕ: ПРАЦЯГ БУДЗЕ


Віталь Тарас, Прага


Падчас свайго візыту яны сустрэліся з расейскімі калегамі. У некаторых мэдыях зьявілася інфармацыя аб тым, што беларускія палітыкі былі прынятыя “на ўзроўні кіраўніка Галоўнай управы ўнутранай палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна. Аб тым, як праходзілі сустрэчы ў Маскве, мы запыталіся па тэлефоне ў лідэра аб’яднаньня Рэгіянальная Беларусь Сямёна Домаша.

(Домаш:) “У нас учора адбылася сустрэча зь кіраўніком Саюзу правых сілаў Нямцовым, з намесьнікам фракцыі “Яблоко”, і адбылася сустрэча з Гайдарам.

Што тычыцца іншых сустрэч, гэта былі прыватныя сустрэчы. Яны не насілі афіцыйнага характару.

(Карэспандэнт:) “Ці была сустрэча ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі?”

(Домаш: ) “У адміністрацыі прэзыдэнта сустрэчы не было. Была проста прыватная сустрэча зь людзьмі, якія маюць дачыненьне да гэтага воргану”.

(Тарас: ) “Якім было кола тэмаў, якія абмяркоўваліся з расейскімі палітыкамі і ці задаволеныя Вы вы вынікамі гэтых сустрэчаў?”

(Домаш: ) “Тэма абмяркоўвалася адна – гэта сытуацыя ў Беларусі перад маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі.
Па-першае, мы давялі рэальную сытуацыю, якая ў нас склалася ў Беларусі: што робіць зараз рэжым, каб утрымацца; што робяць прагрэсіўныя сілы, каб падрыхтавана падысьці да выбарчай кампаніі. Ну, і самае цікавае тое, што размова адбывалася ў такім рэчышчы, што многія рэчы, якія мы даводзілі да ведама расейскіх палітыкаў аб сапраўднай сытуацыі ў Беларусі – для іх гэта было, як бы, навіной. Дакладная інфармацыя зь Беларусі ня йдзе -- яны яе не атрымліваюць, а больш кіруюцца інфармацыяй з афіцыйных ворганаў.

І вось сустрэчы, якія ў нас адбыліся, даюць падставы думаць, (мы таксама атрымалі такія запэўніваньні) што гэтыя сустрэчы будуць працягвацца. Мы будзем са свайго боку інфармаваць шырокую грамадзкасьць і палітычныя сілы Расеі аб тым, што ў нас адбываецца. І спадземся, што такім чынам яны атрымаюць больш дакладную інфармацыю. А ўлічваючы тое, што ў нас сёньня адбыўся круглы стол з прадстаўнікамі СМІ – гэта яшчэ больш нам дае падставаў заяўляць, што будзе зробленае праз расейскія смі больш падрабязнае высьвятленьне сытуацыі, якая склалася ў Беларусі”.

Сёньня ж у сталіцы Расеі завершыліся беларуска-расейскія грамадзкія слуханьні на тэму: “Правы чалавека ў Беларусі і Расеі – сумесны аналіз і дзеяньні”. У слуханьнях, зарганізаваных Інстытутам правоў чалавека ў Маскве і арганізацыяй “Прававая ініцыятыва” зь Менску, ўзялі ўдзел разам з праваабаронцамі таксама й беларускія палітыкі.

Між тым, Аляксандар Лукашэнка падчас учорашняй сустрэчы з журналістамі ў Бараўлянах рэзка адмоўна выказаўся наконт паездкі ў Маскву верагодных канкурэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах і параіў ім “ня езьдзіць то на Захад, то ў Расею”. У сувязі з гэтым можна згадаць, што ў самога Аляксандра Лукашэнкі даўно ўзьніклі праблемы ня толькі ў дачыненьнях з Захадам, але і з Крамлём. У прыватнасьці, не так даўно адміністрацыя прэзыдэнта выказала праз агенцтва Інтэрфакс незадаволенасьць у сувязі з выказваньнямі Лукашэнкі ў Екацерынбургу, дзе ён крытыкаваў палітычную сыстэму Расеі.
XS
SM
MD
LG