Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІМ ВЭТЭРАНАМ ЗНОЎ ГАВОРАЦЬ ПРА ВАЙНУ І ЗАКЛІКАЮЦЬ БЫЦЬ ПІЛЬНЫМІ


Валер Каліноўскі, Менск

Калі Аляксандар Лукашэнка выступаў перад вэтэранамі Другой усясьветнай вайны ў Палацы Рэспублікі, за сьпіной у яго стаяў сьцяг з надпісам "Другі беларускі фронт".

Шмат патэтычна гаворачы пра мінулую вайну і ейных герояў, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь у мінулым стагодзьдзі акрамя Вялікай айчыннай перажыла яшчэ дзьве разбуральныя вайны — Чарнобыльскую катастрофу й распад Савецкага Саюзу. І вось Беларусі, паводле Лукашэнкі, рыхтуюць чацьвертую вайну:

(Лукашэнка: ) "Сёньня нам спрабуюць навязаць чацьвертую вайну, на ўзор Югаславіі. На гэта кінутыя вялізныя грошы, ажыцьцяўляецца дзікі, беспрэцэдэнтны ціск звонку. Для рэалізацыі гэтых мэтаў ужо падабраная белпяцёрка здраднікаў усярэдзіне краіны. Фармуецца своеасаблівая пятая калёна, якая закліканая праводзіць інтарэсы ня нашай краіны, а замежных, далёка не сяброўскіх арганізацыяў і структураў".

Пад "белпяцёркай здраднікаў" Аляксандар Лукашэнка меў на ўвазе, відавочна, патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, якія заявілі пра аб'яднаньне намаганьняў у выбарчай кампаніі дзеля перамогі над Лукашэнкам.

Паводле словаў А.Лукашэнкі, Беларусі зноў пагражае Захад і блёк НАТО, які наблізіўся да ейных межаў і які будзе зноў пашырацца ў 2002 годзе. Як галоўнакамандуючы, А.Лукашэнка заявіў, што беларускія ўзброеныя сілы здольныя пасьпяхова выканаць любую задачу.

(Лукашэнка: ) "На нас ціснулі палітычна і дыпляматычна, нас спрабавалі задушыць эканамічна — не атрымалася. І тыя, хто абраў такія шляхі, палохаючы нас югаслаўскім фактарам, павінны зразумець, што Беларусь — не Югаславія. Таму што побач з намі рускі чалавек, таму што побач з намі сумленны ўкраінец, прадстаўнікі іншых народаў".

Менавіта выбарчая кампанія ўяўляецца Лукашэнку галоўным выпрабаваньнем, зь якім ён зьвязвае югаслаўскі сцэнар:

(Лукашэнка: ) "Напярэдадні самага цяжкага выпрабаваньня ў нашай дзяржаве, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў я з усёй адказнасьцю заяўляю, што іншай палітыкі я праводзіць не магу".

Тымчасам Аляксандар Лукашэнка заклікаў вэтэранаў быць пільнымі. Сямён Домаш, адзін зь пяці апанэнтаў Лукашэнкі, лічыць, што гэты выступ выкліканы страхам згубіць уладу:

(Домаш: ) "Я думаю, ён напраўду баіцца: бачыць, што там быў дыктатар, які нават прымяніў сілу, каб утрымаць уладу, і нічога ў яго не атрымалася. І ён зараз гэта таксама спрабуе зрабіць у Беларусі. Тыя ягоныя выказваньні супраць магчымых назіральнікаў, дарэчы, супраць незалежных назіральнікаў, якія яго палохаюць вельмі, бо ён адчувае, што вынікі сапраўдных выбараў будуць не на яго карысьць".

На думку Сямёна Домаша, Лукашэнка абражае сваіх супернікаў, каб настроіць супраць іх людзей. Домаш мяркуе, што народу здраджвае найперш сам Лукашэнка:

(Домаш: ) "У гэты сьвяты дзень для вэтэранаў, для нашай дзяржавы, для людзей, якія неаднойчы слухалі прамовы кіраўнікоў дзяржавы, — я ня памятаю, каб за апошнія гады, нават дзесяцігодзьдзі штосьці падобнае было. Гэты чалавек апусьціўся да такога ўзроўню, што ён у гэты сьвяты дзень пагражае людзям нейкай чацьвертай вайной".

Ніякай чацьвертай вайны ня будзе, калі яе не разьвяжа сам Лукашэнка, мяркуе Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Дапускаю нават такую думку: калі ён будзе бачыць, што страчвае ўладу, ён можа нават паспрабаваць утрымаць яе сілай, таму ён і гаворыць зараз пра гэтую вайну. Ну, а ведаючы ягоныя хітрыкі, ягоныя магчымасьці характару — ён як бы пачынае свае магчымыя дзеяньні перакідаць на каго-небудзь другога".

Сямён Домаш менавіта з гэтым зьвязвае мілітарысцкія заявы Лукашэнкі, але ягоны страх — гэта добры знак для дэмакратычнай супольнасьці, лічыць Домаш.

XS
SM
MD
LG