Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ДЭКРЭТ ПРА СХОДЫ МУСІЦЬ ПАГАСІЦЬ ПАЛІТЫЧНУЮ АКТЫЎНАСЬЦЬ


Валер Каліноўскі, Менск


Новы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі абмяжоўвае права грамадзянаў быць заяўнікамі масавых акцыяў, у якіх бярэ ўдзел больш за 1000 чалавек. Дазволы на ўсе масавыя акцыі мусяць узгадняцца з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіраваньня. Такія акцыі могуць цяпер заяўляць толькі палітычныя партыі, прафсаюзы ды іншыя грамадзкія арганізацыі.

Нават адзінкавае парушэньне заканадаўства можа пацягнуць ліквідацыю такіх партыяў і арганізацыяў. Згадваецца таксама панятак "істотная шкода грамадзтву" — пад істотнай шкодай аўтар дэкрэту разумее, прыкладам, парушэньні ў раскладзе працы грамадзкага транспарту, гібель людзей ды цялесныя пашкоджаньні.

Калі на акцыі нехта хавае свае твары пад маскамі, то такія мерапрыемствы павінны спыняцца. Дэкрэт забараняе правядзеньне масавых акцыяў у не прызначаных для гэтага месцах (гэта значыць, па-за плошчай Бангалёр, калі ў Менску). Нельга ладзіць акцыі за 5 дзён да выбараў альбо рэфэрэндуму.

Новы дэкрэт прымеркаваны менавіта да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, — мяркуюць апанэнты рэжыму. Вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў мяркуе, што дэкрэт №11 супярэчыць Канстытуцыі й законам ды абмяжоўвае правы грамадзянаў — апошняе можна ажыцьцяўляць толькі праз законы, а ня ўказы ці дэкрэты:

(Пастухоў: ) "На мой погляд, гэта далейшы наступ на канстытуцыйныя правы грамадзянаў, на свабоду аб’яднаньняў. Безумоўна, гэты дэкрэт зьвязаны з падрыхтоўкай да маючых адбыцца ў верасьні прэзыдэнцкіх выбараў, ягоная відавочная мэта — пагасіць палітычную актыўнасьць грамадзянаў".

Міхаіл Пастухоў зазначае, што неабгрунтавана і сьмешна забараняць акцыю, калі нехта апранае маскарадны строй ці маску. Ён таксама лічыць парушэньнем закону магчымасьць ліквідацыі партыі за аднаразовае парушэньне дэкрэту.

(Пастухоў: ) "Відавочна, што ўлады пачынаюць рашучую падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў, ім трэба ў максымальнай ступені абмежаваць палітычныя правы і свабоды грамадзянаў. Найперш гэта датычыць грамадзкіх акцыяў пратэсту".

Міхаіл Пастухоў лічыць падманам спасылку ў афіцыйным камэнтары да гэтага дэкрэту — дэкрэт нібыта ўлічвае досьвед Нямеччыны і краінаў Балтыі.

Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч мяркуе, што ўлады імкнуцца запалохаць людзей перад выбарамі, але запалоханыя ўсё адно ня ходзяць на масавыя акцыі. А партыі ды арганізацыі ня будуць рызыкаваць сваёй рэгістрацыяй:

(Івашкевіч: ) "Цалкам верагодна, што можа быць нейкая ананімная група, якая будзе распаўсюджваць улёткі з заклікам да грамадзянаў прыйсьці на нейкае месца, але ня будзе ўказвацца, хто гэтыя ўлёткі вырабіў. І цалкам верагодна, што людзі будуць адгукацца і прыходзіць у гэтае месца".

Віктар Івашкевіч мяркуе, што ўлады спрабуюць абмежаваць перадвыбарчую агітацыю, але рэальна дэкрэт мала што зьменіць.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька таксама мяркуе, што новы дэкрэт скіраваны супраць арганізаванай палітычнай апазыцыі і ня будзе працаваць:

(Лябедзька: ) "Дэкрэт умацаваў мяне ў маіх перакананьнях, што сытуацыя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў для палітычнай апазыцыі вельмі добрая.

Аляксандар Рыгоравіч сам, магчыма, не разумее да канца, што падпісваючы такія дакумэнты, ён расьпісваецца ў сваёй слабасьці. Нельга ўяўляць, што гэта рабіў бы чалавек, які мае сорак адсоткаў электаральнай падтрымкі.

Нельга ўявіць, каб чалавек, за якім стаяла б як маналіт уся намэнклятура, выдаваў бы такі ганебны дакумэнт, які правакуе адмоўную рэакцыю як унутры кріаны, так і за ейнымі межамі".

Анатоль Лябедзька зазначае, што няма падставаў для гэткага дэкрэту, бо апошнія паўтара года не было беспарадкаў падчас масавых акцыяў апазыцыі. У прыватнасьці, апошні Чарнобыльскі шлях прайшоў арганізавана і мірна без умяшальніцтва праваахоўчых органаў.

XS
SM
MD
LG